canabis

Жак Брэль "П'яніца"



П’ЯНІЦА

Налі яшчэ адну
І потым паўтары.
А што сьлязу змахну,
Да сэрца не бяры.
Ўсё добра, мой стары,
Так добра, што ў труну…
Налі яшчэ адну,
Налі яшчэ адну.

Мы вып’ем за цябе
Зялёнага віна,
Бо хлусіш мне ў журбе,
Што вернецца яна.
Я праўды ад маны
Адрозьніць не змагу:
Глыток – і я, п’яны,
Забуду пра тугу.

Падмашчык, будзь здароў,
Бо ісьціна ў віне!
Мы вып’ем за сяброў,
Што кінулі мяне.
Ды крыўды, пацаны,
Мінаюць пакрысе:
Глыток – і я, п’яны,
Забуду іх усе.

Collapse )


Польская вэрсія: Яцак Качмарскі.

canabis

Літаратурная прэмія імя Францішка Аляхновіча

9.50 КБ

Беларускі ПЭН-Цэнтр і Радыё Свабода засноўваюць прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні.

Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, неабмежаваная. На разгляд прымаюцца дакумэнтальныя і мастацкія творы на беларускай і расейскай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісу, створаныя ў зьняволеньні і дасланыя на працягу году. Права намінацыі маюць таксама ўсе сябры ПЭН-Цэнтру.

Журы вызначае пераможцу і абвяшчае вынікі 10 сьнежня, у міжнародны Дзень правоў чалавека.

Пераможца будзе ўганараваны дыплёмам і атрымае грашовую ўзнагароду, а яго твор прагучыць у эфіры Радыё Свабода і будзе апублікаваны.

Дасылайце творы на адрас svaboda@rferl.org ці pen@vessobel.by

Паштовы адрас 220005 Менск ПС 111 Творы прымаюцца да 1 сьнежня.

Арганізатары плянуюць уручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча, пакуль сытуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але маюць спадзеў, што яна як найхутчэй страціць сваю актуальнасьць.
chkalava

КРЫВАВЫ РЭЖЫМ

У мяне бацкі – зьвяры!
Абуджаюць на зары,

Кожны ранак чысьціць зубы
Прымушаюць, душагубы!

На сьняданак – пяць хвілін,
І ляцім у школу, блін!

“Адстаеш! Хутчэй! Рэжым!” –
За аўтобусам бяжым.

Бах! На дзьвюх каленках – вавы…
Вось такі рэжым, крывавы!..

Яшчэ горай пасьля школы:
Мама зноў вядзе на ўколы.

Не даюць дагледзець мульт,
Вырываюць з пальцаў пульт!

Ой, зялёнкай мажуць ранкі!
Еж – і спаць без калыханкі.

Засынаю. А на кухні,
Тата кулаком як бухне:

Нешта пра рэжым суровы,
Ад якога ўсе дрыжым…

Ведаеш, чыя б карова!
Хто асудзіць мой рэжым?
nohi

Заява Рады РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр"

Як паведамляюць сродкі масавай інфармацыі, у фотаальбомах са здымкамі прызёраў мінулагодняга конкурсу “Belarus Press Photo”, канфіскаваных у беларускіх фатографаў Аляксандра Васюковіча і Юліі Дарашкевіч, экспертыза, замоўленая Упраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці, выявіла «наўмысна скажоныя, не адпаведныя рэчаіснасці выдумкі пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, якія прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Беларусі”.

“Падборка матэрыялаў альбома ў сукупнасці адлюстроўвае толькі негатыўныя аспекты жыццядзейнасці беларускага народа… змяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый”.

“У адпаведнасці з арт. 1 Закона РБ “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, дзейнасць грамадзян па ажыццяўленні дзеянняў, скіраваных на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, ёсць экстрэмісцкай”, — гаворыцца ў адказе на імя Юліі Дарашкевіч. Цяпер незалежных журналістаў-фатографаў Юлію Дарашкевіч і Вадзіма Заміроўскага, арганізатараў творчага конкурсу Belarus Press Photo — 2011, выклікаюць у суд.

РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр" — зарэгістраванае ва ўсталяваным парадку добраахвотнае грамадскае аб'яднанне, адна з галоўных мэтаў дзейнасці якога — супрацьдзеянне любому абмежаванню і пераследу грамадзян Беларусі ў рэалізацыі іх права на свабоднае выказванне сваіх думак і поглядаў. Гэтае права гарантаванае, у прыватнасці, артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе гаворыцца:

“Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб'яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца”.

Рада РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтр” разглядае такія дзеянні ў дачыненні да фатографаў як праяву пераследу журналістаў за іх творчасць і іх перакананні, што наўпрост супярэчыць прыведзенаму вышэй артыкулу Канстытуцыі, а таксама ўзятым на сябе Рэспублікай Беларусь міжнародным абавязанням у галіне абароны найважнейшых правоў чалавека.

Заклікаем адпаведныя дзяржаўныя органы спыніць незаконны пераслед журналістаў і творцаў. Пры гэтым мы пакідаем за сабой права паінфармаваць міжнародную супольнасць аб фактах парушэння правоў на свабоду выказвання і творчай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.


Старшыня РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр" Андрэй Хадановіч
canabis

Гензбур. Эліза

Серж Гензбур б'е вокны ў хаце францускай паэзіі, а перакладчык досыць вольна перакладае лічэбнікі. )



ЭЛІЗА

Эліза, Эліза,
Эліза, мой анёл красы
Эліза, Эліза,
Эліза, гладзь мне валасы
Будзь паляўнічым трошку,
Да першае крыві:
Знойдзеш вошку –
Хуценька злаві!

Эліза, Эліза,
Эліза, мой чароўны май
Эліза, Эліза,
Эліза, хоць адну спаймай
Што ведае аб часе
Блудніца-маладосьць?
У запасе
Год пятнаццаць ёсьць

Эліза, Эліза,
Эліза, на мараль начхай
Эліза, Эліза,
Нас двое ў сьвеце – і няхай
Я сорак год адзначу
А ты сямнаццаць год
Я ня бачу
Ў гэтым перашкод

Эліза, Эліза,
Эліза, мой анёл красы
Эліза, Эліза,
Эліза, гладзь мне валасы
Палюеш проста ў ложку
Да першае крыві:
Знойдзеш вошку –
Хуценька злаві!
canabis

Гензбуру - 85



ТЫСЯЧА ДРОБЯЗЯЎ

Цяжэй за ўсё
мы забываем дробязі,
бо тысяча драбніцаў –
вельмі шмат.
Нам памяць піша
дробязі, як пропісі,
сама сабе настаўніца
і кат.

Ня думаю пра вас,
лічу драбніцаю,
глытае дробязь
сэрца-аўтамат.
Між намі засталося
таямніцаю
ўспамінаў гэтак мала,
што зашмат.

Забыць пра непатрэбнае
і дробнае:
між намі адбылося
так няшмат.
Па дробязях
падробім непадробнае…
А вочы –
як апошні кампрамат.

Сьмяемся напаказ
зь любое дробязі,
пусьціць сьлязу –
ну, гэта ўжо наўрад…
Шукаю ў вашым сэрцы
сонца пробліскі,
а ў сэрцы драбяза,
і той няшмат.

Хто бачыў вас,
той вечна будзе дробязным,
бо кожная драбніца –
шах і мат…
Хто вас пакінуў,
не сябруе з розумам,
а хто застаўся,
той зусім вар’ят.

Бонус: Zaz.

nohi

Lo siento, señora!

У Венесуэле
мне ўвесь час дзіка шанцавала.
Можа, таму, што першы раз.
А можа, таму, што дурням наагул шанцуе,
тым больш першы раз у Венесуэле.

“Даруйце, сэньёра!
Я першы раз у Венесуэле,
я ня ведаў, што гэта так сур’ёзна!” –

кажу я памежніцы ў аэрапорце,
якая ня хоча мяне прапускаць
праз пашпартны кантроль,
і правільна робіць,
бо я прахезаў вельмі важную паперку,
безь якой яны жывымі не выпускаюць.

Што рабіць?
Украінскія памежнікі ў такіх выпадках
вымагаюць іншую важную паперку,
але тут краіна, дзе сацыялізм перамог,
хабар не прайшоў –
сэньёра зьбіраецца выклікаць паліцыю!

“Сьмерць у Венесуэле”, –
прыходзіць мне ў галаву назва,
якой абзайздросьцяцца клясыкі,
калі, канечне, мне дадуць яшчэ нешта напісаць…
Таму я паўтараю, як мантру:

“Даруйце, сэньёра!
Я першы раз у Венесуэле,
я ня ведаў, што гэта так сур’ёзна!”

Ейны позірк нечакана цяплее –
і яна робіць першую саступку,
прапануючы мне вярнуцца туды,
дзе я здаваў багаж,
і папрасіць назад валізку:
“А раптам паперка там?”
Я адчуваю, што мая тактыка дае плён –
і ў трэці раз паўтараю:

“Даруйце, сэньёра!
Я ўпершыню ў Венесуэле,
я ня ведаў, што гэта так сур’ёзна!”

І тут яна не вытрымлівае.
Ад душы размаўнуўшыся штэмпэлем,
яна бухае мне патрэбную пячатку,
працягвае пашпарт
і ўрачыста кажа на разьвітаньне:

“Запомніце, сэньёр,
быць у Венесуэле –
гэта вельмі, вельмі сур’ёзна!”
nohi

Museo de los niños

Музэй дзяцей
найлепей наведваць зь дзецьмі –
чужых паглядзець,
сваіх паказаць.

Экспазіцыя – не галоўнае,
галоўнае – добра прабавіць час,
пакуль твае дзеці
ня прыйдуць сюды са сваімі дзецьмі,
а ты ідзі куды хочаш,
напрыклад, у іншы музэй.

На першым паверсе – аснова, падмурак,
усё пра Зямлю, то бок збольшага Венесуэла,
і трохі ейных ускраін. (Ускраіны, не крыўдуйце,
у вашых краінах было б тое самае ці яшчэ горш.)

Вышэй – біялогія, фізіка, экалогія,
адаптаваныя для дзяцей –
так добра, што нават дарослыя разумеюць.

Вось, скажам, love story ў коміксах:
на першым малюнку дзядзя цалуе на лавачцы цёцю,
а на другім іх расьпісвае строгі чыноўнік
(ніякіх вянчаньняў),
на трэцім анёлак трымае сэрца над ложкам,
а на чацьвёртым дзядзя мацае цёці жывот,
на пятым цёця ў разрэзе, а ў жываце –
новы наведнік музэю, Show Must Go On…

Ты так захапіўся,
што не заўважыў, як выйшаў з музэю,
а думаў, што ўсё яшчэ тут,
праходзіш па залях, якія
робяцца ўсё цікавейшымі.

Вось алькагольная крама
зь дзіцячымі экспанатамі,
якія даводзяць маленькім наведнікам
шкоднасьць сьпіртных напояў –
бачыш, што робіцца з бацькам,
рабі высновы.

Вось цэлая рота вайскоўцаў,
і ўсе з карабінамі,
гэта музэй сумяшчае прыемнае і карыснае:
трохі гульні ў вайнушку,
трохі асноў пацыфізму.

Вось дзеўкі ў кароткіх спадніцах,
яны – каб давесьці малым,
што іхныя таты кахаюць выключна мамаў:
глядзіце, ідуць і нават ня косяць вачэй у іх бок…
Ці ўся-такі косяць?

А вось дарожны затор – дзіцячы аўтобус
расплюшчыў дзіцячую легкавушку,
бо першы кіроўца касіўся на дзевак,
другі ўжыў музэйны напой
(глядзіце вышэй).
Першы будзе сядзець у дзіцячай турме,
а другі, да канца жыцьця, у музэйным
інвалідным вазочку.

А проста над месцам аварыі –
гіганцкі партрэт таго,
хто ўсіх іх прывёў у вялікі музэй дзяцінства,
вось толькі ня змог дачакацца дзяцей дзяцей,
сышоў – і яны свавольнічаюць, як могуць:
бухаюць проста ў музэі,
страляюць адно ў аднаго,
бягуць ад жонак да шлюх,
разьбіваюць аўтобусы ўшчэнт,
карацей –
паводзяцца, нібы дзеці.