?

Log in

No account? Create an account
khadanovich
Як нам стала вядома, рашэннем Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь адклікана ліцэнзія выдаўца І.П.Логвінава, выдадзеная яму 8 красавіка 2009 года. На наш погляд, гэтае рашэнне не было бесстароннім і не мела дастатковых прававых падстаў, перш за ўсё ў сувязі з тым, што выдавец І.П.Логвінаў не быў папярэджаны аб месцы і парадку разгляду гэтага пытання, не атрымаў магчымасці пазнаёміцца з сутнасцю прад’яўленых да выдаўца прэтэнзій і, адпаведна, даць тлумачэнні па сутнасці справы.
Пры такіх абставінах вышэйзгаданае рашэнне галіновага міністэрства, на наш погляд, уваходзіць у супярэчнасць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і з дзейным заканадаўствам у частцы недапушчэння выдавецкай цэнзуры.
Гэтае малазразумелае рашэнне Міністэрства таксама можа разглядацца як спосаб уціску на ўстанову, якая канкурыруе з падведамнымі гэтаму Міністэрству выдавецкімі ўстановамі. Нам, як і чыноўнікам Міністэрства інфармацыі, напрыклад, добра вядома, што на працягу апошніх дзесяці гадоў выдавец І.П.Логвінаў выпусціў у свет большую колькасць назваў кніг, перакладзеных на беларускую мову з іншых моў, чым профільнае Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Мастацкая літаратура” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Шмат якія члены нашага грамадскага аб’яднання, фактычна не маючы магчымасці друкаваць свае арыгінальныя або перакладныя творы ў выдавецкіх установах Міністэрства інфармацыі або не падтрымліваючы эстэтычных крытэрыяў, практыкаваных у гэтых установах, аддавалі і аддаюць свае рукапісы менавіта ў выдавецтва І.П.Логвінава і іншыя прыватныя выдавецкія ўстановы нашай краіны.
Кіруючыся сваімі статутнымі мэтамі, Рада РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтр” настойліва заклікае Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь адмяніць рашэнне аб пазбаўленні І.П.Логвінава выдавецкай ліцэнзіі. Паведамляем таксама, што мы выкарыстаем усе магчымасці рэгулярнага інфармавання Міжнароднага ПЭН-Клуба ды іншых міжнародных і нацыянальных творчых арганізацыі аб развіцці падзей вакол выдавецтва Логвінава.

г. Мінск,
11 кастрычніка 2013 г.
 
 
khadanovich
79.55 КБ

8 кастрычніка, а 19.00, у “Галерэі Ў”,
прэзэнтацыя кнігі выбраных вершаў "Дакрануцца",
з удзелам аўтара і яго беларускага перакладчыка.


БЫЦЦАМ І ДАЛЕЙ

Куды ты так ірвесься, маё сэрца,

быццам і далей шукаеш
сабе цела?


МОЙ БЕДНЫ СЫНЕ

Мой бедны сыне, прабач сваёй маці,
мой бедны сыне, прабач, што цябе нарадзіла,
я больш ня буду.


ЯКОГА НЯМА

Бойся Бога,
якога няма

у тваім сэрцы.


НЕ МАГУ ДАПАМАГЧЫ

Упарты начны матылёк, я не магу табе
дапамагчы, магу толькі вымкнуць сьвятло.


НА ЖАЛЬ

Дрэнныя вершы
ня зробяць тырана лепшым.
На жаль, тое ж датычыць і добрых вершаў.


* * *
Я прайшоў шмат кілямэтраў,
сьпісаў шмат старонак,
каб напісаць тры… чатыры радкі,

у якіх аж цёмна ад словаў.
 
 
 
khadanovich
265.50 КБ

Кніга выбраных вершаў аднаго з найлепшых польскіх паэтаў.
Кніга ёсьць (праз шэсьць дзён - і ў продажы).
Віншаваньні прымаюцца. Распаўсюд інфармацыі вітаецца.

Рышард Крыніцкі. Дакрануцца. Выбраныя вершы. Менск, Логвінаў, 2013.
Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч.
Пераклад зроблены паводле: Ryszard Krynicki. Wiersze wybrane. Kraków: Wydawnictwo a5, 2009.

Рэдактар Уладзімер Арлоў.
Дызайн вокладкі - Сяргей Ждановіч.
Вёрстка - Кацярына Пікірэня.
Карэктарка Алена Пятровіч.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца
у межах “Месяца польскай літаратуры”
8 кастрычніка,
а 19.00,
у “Галерэі Ў”,
з удзелам аўтара і яго беларускага перакладчыка.


Тры вершы Крыніцкага.Collapse )


Рышард Крыніцкі (нар. у 1943) – выбітны польскі паэт, а таксама перакладчык і выдавец паэзіі, адзін зь лідэраў літаратурнай групы “Новая хваля”. Дэбютаваў у 1968 годзе зборнікам “Шал пагоні, шал уцёкаў”. У 1970-х гадах быў зьвязаны з апазыцыяй, таму ў 1976—1980 гадах трапіў у “чорны сьпіс” і не друкаваўся ў Польшчы. Аўтар зборнікаў паэзіі “Пасьведчаньне аб нараджэньні” (1969), “Калектыўны арганізм” (1975), “Нашае жыцьцё расьце” (1978), “Не нашмат болей” (1981), “Калі ў нейкім краі” (1982), “Уратаваньне зь нябыту” (1983), “Вершы, галасы” (1985), “Магнэтычны пункт” (1996), “Не зашкодзіць” (2002), “Камень, шэрань” (2005) і інш. Ляўрэат шматлікіх літаратурных узнагародаў, сярод якіх прэмія фундацыі імя Касьцельскіх і прэмія польскага ПЭН-клюбу.

 
 
khadanovich
09 September 2013 @ 10:24 am
9 верасьня пачаўся Міжнародны кангрэс ПЭН-клубу ў Рэйк'явіку. На кожным кангрэсе арганізатары пакідаюць сімвалічнае месца для адсутнага арыштаванага пісьменьніка. Сёлета гэтае сімвалічнае месца пакінулі для Алеся Бяляцкага.

200.52 КБ

219.82 КБ
 
 
 
khadanovich
203.50 КБ

Амбасада Літоўскай Рэспублікі і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” запрашаюць на вечарыну "Magnus Ducatus Poesis (Вялікае Княства Паэзіі)", а таксама фотавыставу Альгімантаса Александравічуса “Водбліскі Вялікага княства”, якія пройдуць у галерэі “Ў” 11 ліпеня.

У літаратурным праекце Magnus Ducatus Poesis, які з 2006 года аб’ядноўвае творцаў з краінаў, чые тэрыторыі раней складалі Вялікае Княства Літоўскае, сёлета возьмуць удзел

літоўскія паэты:

Эўгеніюс Алішанка,
Уладас Бразюнас,
Марыюс Бурокас,
Антанас А. Ёнінас,
Альвідас Шляпікас

і беларускія паэты:

Андрэй Адамовіч,
Алеся Башарымава,
Вера Бурлак,
Галіна Дубянецкая,
Алесь Разанаў.

Падчас літаратурнага мерапрыемства выступіць музыка Тодар Кашкурэвіч.

Вядоўца імпрэзы — Андрэй Хадановіч.

Пачатак у 20.30.
Адрас галерэі “Ў”: пр-т. Незалежнасці, 37А.
Уваход вольны.

 
 
 
khadanovich
Сёньня споўнілася б 90 адной з найлепшых эўрапейскіх паэтак ХХ стагодзьдзя, нобэлеўскай ляўрэатцы Віславе Шымборскай.

148.55 КБ

З гэтай нагоды - маленькая падборка перакладаў.

Віслава Шымборска

ХТОСЬЦІ ЛЮБІЦЬ ПАЭЗІЮ

Хтосьці –
значыць ня ўсе.
Нават ня большасьць, а меншасьць.
Ня лічачы школаў, дзе трэба,
ну, і саміх паэтаў,
выйдзе хіба што два чалавекі на тысячу.

Любіць –
але таксама любяць і суп з макаронай,
любяць блакітны колер і камплімэнты,
любяць дым цыгарэтаў і джынсы старыя,
любяць зрабіць па-свойму,
любяць палашчыць сабаку.

Паэзію –
толькі вось чым ёсьць паэзія.
Хісткае надта пытаньне,
паставіш ¬– можа і ўпасьці.
Я гэтаксама ня зьведала ў ёй ні драбінкі,
проста трымаюся, як за драбінкі.


Пад катам яшчэ сем вершаў, сярод якіх ёсьць і пару вельмі раньніх, і некалькі позьніх, з апошняй ейнай кніжкі Collapse )
 
 
 
khadanovich
14 June 2013 @ 12:04 pm
 
 
khadanovich
74.46 КБ

Выйшла электронная кніжка "Парыж-Дыснэйлэнд".


ДОТЫК

Яна была ў майцы
з турыстычным парыскім каляжыкам
на грудзях:

зьлева, дзе сэрца, –
Эйфэлева вежа,
справа, насупраць вежы, –
авэню Шанз-Элізэ.

Спачатку ён дакрануўся справа.

Пад Елісейскімі палямі не было станіка.
Эйфэлева вежа забілася хутчэй.


Спампаваць на bybooks:
http://bybooks.eu/?products=paryzh-dysnejlend

 
 
 
khadanovich


ЛІМЭРЫКІ ПРА НАРОДЫ

Ангелец рашыў: “Пасябрую з індусам!”,
Зь вялікай сымпатыі, не пад прымусам.
А той яму шчыра
Нясьвежага сыру
Падаў на дзіравым абрусе.

Такую абразу прабачыць – бяз шанцаў,
Ангельцу ня трэба сяброў-галадранцаў:
У крыўдзе на парый
Шукаў сабе пары
Выключна ў паўночных ірландцаў.

Народы, народы! На д’ябла народы
Ідуць на вайну дзеля міра і згоды?
Чым болей змаганьня, тым меней свабоды:
Хацелі як лепей, ды ўсё як заўсёды!
Народы, народы, народы…

Настаўнік-француз меў студэнтку з Марока:
Пілі кальвадос пад шэдэўры барока,
Ды музыка зранку
Нагадвала п’янку,
Вучыць мараканку – марока!

На гэта французу сусед яго, слесар:
“Зусім не патрэбны, шаноўны прафэсар,
Тваёй мараканцы
Ні песьні, ні танцы:
Яна – патэнцыйны агрэсар!”

Read more...Collapse )
 
 
khadanovich


Сьпяць прастора і час,
Толькі зрэдку на нас
Акіян шэрай хваляй нахлыне.
А ты прагнеш туды,
Дзе патрэбна заўжды
Вандраваць супраць ветру і плыні.

Падарожжа па снох,
Калі ёсьць пара ног,
Каб трымацца бясконца ў той гонцы.
Каб ісьці ўсё хутчэй,
Не патрэбна вачэй,
Ты й навобмацак крочыш па сонцы.

За табой цэлы рух
Ці то слуг, ці то шлюх,
Канваіры натхненьня і волі:
Быць з табой хочуць там,
Дзе ты мусіш быць сам,
Бо з канвоем ня будзеш ніколі.

Зь іх ніхто не пасьпеў
Усьвядоміць, што сьпеў
Пра іх лёс атрымаўся прарочым:
Адбіваючы рытм,
У тым рытме гарым,
У тым рытме да гібелі крочым.

Шчыльным колам сяброў
П’юць віно – тваю кроў,
Твае песьні – іх моцы крыніца.
Толькі бачыць яны
Развучыліся сны,
А ты верыш у тое, што сьніцца.

З тых аматараў чвэрць
Пра тваю мараць сьмерць,
Рэшце трэба прыколы і жарты.
Ты ня пастыр іх душ,
Дык пакінь іх і руш
У краі, дзе канчаюцца карты…

А твае сябрукі
Паляць зноў маякі,
Што нікому сьвятла не давалі.
Ты ж, свабодны, як верш,
Супраць хваляў плывеш
І паволі сам робісься хваляй.