?

Log in

No account? Create an account
 
 
10 April 2007 @ 08:24 pm
ЗЬБІГНЕЎ ГЭРБЭРТ  
2,23 КБ
4,19 КБ
Ня так даўно ў Польшчы выйшла кніга Зьбігнева ГЭРБЭРТА “РАПАРТ З ГОРАДУ Ў АБЛОЗЕ”. Выйшла па-беларуску. Дакладней, на дзьвюх мовах. Зьлева арыгіналы, справа пераклады. Я меў гонар быць укладальнікам і адным зь перакладчыкаў. Акрамя Вашага пакорнага слугі, вершы (а таксама эсэ) перакладалі Юрась Бушлякоў, Марына Казлоўская, Інэса Кур’ян, Марыя Мартысевіч, Серж Мінскевіч, Тацяна Сьлінка й Ілона Урбановіч-Саўка. Марына Казлоўская напісала й прадмову да кнігі. Усім велізарны дзякуй! :)

І ўсё было б здорава, каб не баявыя страты – ня ўсе пераклады трапілі ў кнігу. Так, не ўдалося надрукаваць розныя вэрсіі перакладаў аднаго й таго ж верша. Калі ў выдаўцоў узьнікалі нейкія тэксталягічныя сумневы, пераклады выкідаліся з кнігі разам з арыгіналамі. Асабліва пацярпелі пераклады Сержа, Тані Сьлінкі і Юрася. Не далічылася колькіх сваіх перакладаў Марына Казлоўская. Ня трапіў у кніжку і мой пераклад, які падабаўся мне найбольш. Карыстаючыся выпадкам, вывешваю:


ШТО Я МАГУ ЗРАБІЦЬ ДЛЯ ВАС ЯШЧЭ

Шмат чаго
адчыніць акно
паправіць падушку
халодную выліць гарбату

– і гэта ўсё

– усё

так мала
і так шмат

бо трэба гэта ўсё
зрабіць старанна
і з сэнсам

каб адчыніць акно на ўсю вясну
каб пухам галаве была падушка


ДЗЬВЕ КРОПЛІ

палалі лясы –
а гэтыя двое
спляталі рукі на шыях
нібы букеты ружаў

людзі ў сховішчы беглі
а ён казаў што ў жонкі валасы
ў якіх можна схавацца

накрыўшыся адным пледам
яны шапталі бессаромныя словы
малітву закаханых

А калі было вельмі кепска
з галавой занураліся ў вочы насупраць
і замыкалі іх моцна

так моцна што не адчулі агню
які даходзіў да веек

да канца былі мужныя
да канца былі верныя
да канца былі падобныя
як дзьве кроплі
на краі твару


ПРЫПАВЕСЬЦЬ

Паэт насьледуе птушыным галасам
выцягвае даўгую шыю
і кадык нязграбна
тырчыць як палец на крыле мэлёдыі

сьпяваючы ён непахісна верыць
што набліжае сонечны ўзыход
адсюль і цеплыня ягонай песьні
і чысьціня высокіх нот

паэт насьледуе сну камянёў
узяўшы ў рукі голаў
ён як абломак ад скульптуры
што дыхае балюча й рэдка

ён сьпіць і верыць – ён адзіны
хто паглыбляе таямніцы існаваньня
і хто без дапамогі багасловаў
асьмяглымі губамі схопіць вечнасьць

чым быў бы сьвет
калі б яго не напаўняла
няспынная паэта мітусьня
між камянёў і птушак


РУЖОВАЕ ВУХА

А я ж думаў
што добра яе ведаю
бо столькі гадоў
жывем разам

яе птушыную галаву
белыя плечы
жывот

але аднойчы
зімовым вечарам
яна села каля мяне
сьвятло лямпы
падала ззаду
і я ўбачыў ружовае вуха

сьмешны пялёстак скуры
ракавінка
з жывой крывёю ўсярэдзіне
я тады нічога не сказаў –

а добра было б напісаць
верш пра ружовае вуха
але не такі каб казалі
ну вось выбраў сабе тэму
зноў арыгінальнічае

каб ніхто нават не ўсьміхнуўся
каб зразумелі што я
выдаю таямніцу

я тады нічога не сказаў
толькі ўначы калі мы ляжалі побач
далікатна каштаваў
экзатычны смак
ружовага вуха


ГЭРМЭС, ПЁС І ЗОРКА

Ідзе па сьвеце Гэрмэс. Сустракае пса.
– Я Бог, – ветліва прадстаўляецца Гэрмэс.
Пёс абнюхвае яму ногі.
– Але я пачуваюся самотным. Людзі здраджваюць багам. А зьвяры неразумныя й сьмяротныя – вось што нам трэба. Увечары пасьля цэлага дня вандроўкі мы з табой сядзем пад дубам. І я скажу табе, што пачуваюся старым і хачу памерці. Гэта хлусьня будзе патрэбная, каб ты лізаў мне рукі.
– Вядома ж, – нядбайна адказвае пёс, – я буду лізаць табе рукі. Яны халодныя й дзіўна пахнуць.
Ідуць яны, ідуць. І сустракаюць зорку.
– Я Гэрмэс, – гаворыць бог і надзявае адзін са сваіх найпрыгажэйшых твараў. – Ці ня хочаш пайсьці з намі на край сьвету? Я пастараюся, каб там было жахліва і ты схавала голаў мне на плячы.
– Добра, – гаворыць зорка шкляным голасам. – Мне ўсё адно куды ісьці. Вось толькі край сьвету – наіўнасьць. На жаль, краю сьвету няма.
Ідуць яны, ідуць. Пёс, Гэрмэс і зорка. Трымаюцца за рукі. Гэрмэс думае: каб ён яшчэ раз пайшоў шукаць сяброў, ужо ня быў бы такі шчыры.


ПРА ДЗЬВЕ НАГІ ПАНА КОГІТА

Левая нага нармальная
як той казаў аптымістычная
трохі караткаватая
хлапечая
зь ямачкамі цягліцаў
з добраю формаю лыткі

правая
Божа мой мілы –
худая
на ёй два шнары
адзін паўз ахілава сухажыльле
другі авальны
бледна-ружовы
ганебная згадка пра ўцёкі

левая
схільная да падскокаў
аматарка танцаў
занадта любіць жыцьцё
каб рызыкаваць

правая
цьвёрдая арыстакратка
зь небясьпекі сьмяецца

так вось
на дзьвюх нагах
левай якая нагадвае Санча Пансу
і правай
падобнай да звар’яцелага рыцара
крочыць
па сьвеце
Пан Когіта
крочыць і трохі кульгае


ПАН КОГІТА АПАВЯДАЕ
ПРА СПАКУШЭНЬНЕ СЬПІНОЗЫ

Барух Сьпіноза з Амстэрдаму
прагнуў дасягнуць Бога

шліфаваў на гарышчы
лінзы
і раптам прабіў заслону
й апынуўся тварам у твар

гаварыў ён доўга
(а покуль ён гаварыў
пашыраліся розум яго
і душа)
задаваў пытаньні
аб чалавечай прыродзе

– Бог расьсеяна гладзіў сваю бараду

пытаў пра першапрычыну

– Бог глядзеў у бясконцасьць

пытаў аб апошняй прычыне

– Бог пахрумстваў пальцамі
й кашляў

калі Сьпіноза замоўк
Бог сказаў:

– ты добра гаворыш Барух
люблю тваю геамэтрычную лаціну
дакладны сынтаксіс
сымэтрыю высноваў

але пагаворым
пра Рэчы
Напраўду Вялікія

– паглядзі на свае рукі
скалечаныя і дрыготкія

– ты псуеш сабе вочы
у цемры

– ты дрэнна харчуесься
апранаесься бедна

– купі новы дом
і вэнэцыянскаму люстру
даруй што паверхні падвойвае

– даруй песьню п’яную
кветкам у валасах

– падбай аб прыбытках
як твой калега Дэкарт

– спрытным будзь
як Эразм

– трактат прысьвяці
Людовіку XIV
і так яго не прачытае

– і стрымлівай
рацыянальную ятру
бо ўпадуць ад яе троны
і пачарнеюць зоры

– пра жанчыну
таксама падумай
што народзіць табе дзіця

– бачыш Барух
мы гаворым пра Рэчы Вялікія

– я хачу каб мяне любілі
невучоныя і нястрымныя
бо толькі яны на сьвеце
напраўду прагнуць мяне

а потым заслона падае
Барух застаецца адзін

ён ня бачыць срэбнае хмары
сьвятла ў вышыні

бачыць цемру
і чуе рыпеньне сходаў

крокі сыходзяць уніз


ПАСЛАНЬНЕ ПАНА КОГІТА

Ідзі куды пашлі тыя да цёмнага краю
па залатое руно нябыту тваю апошнюю ўзнагароду

выпрастаны ідзі сярод тых на каленях
тых павернутых сьпінамі і павергнутых ніцма

ты ўратаваўся не для таго каб жыць
у цябе мала часу а трэба сьведчыць

будзь адважны калі здраджвае розум будзь адважны
па апошнім рахунку толькі гэтае лічыцца

а бясьсільны твой Гнеў хай будзе як мора
кожнага разу як будзеш чуць голас зьняважаных бітых

хай не пакіне цябе сястра твая Пагарда
да баязьліўцаў шпегаў і катаў – яны перамогуць
і на тваім пахаваньні з палёгкаю кінуць жменьку
а караед напіша палепшаны твой жыцьцяпіс

і не выбачай сапраўды не ў тваёй гэта ўладзе
выбачаць ад імяні тых каму здрадзілі на сьвітанку

але сьцеражыся марнае пыхі
глядзі ў люстэрка на свой блазанскі твар
паўтарай: я быў пакліканы – а ці ж не было лепшых?

сьцеражыся чэрствасьці сэрца любі ранішнюю крыніцу
птаха зь невядомым імем дуб зімовы
сьвятло на муры раскошу неба
ім непатрэбны твой цёплы подых
яны для таго каб сказаць: ніхто цябе не суцешыць

пільнуй – калі сьвятло на гарах дае знак – устань і йдзі
покуль кроў кружыць у грудзёх тваю цёмную зорку
паўтарай чалавецтва старыя заклёны байкі й легенды
бо так здабудзеш дабро якога ты не здабудзеш
паўтарай вялікія словы паўтарай іх упарта
як тыя што йшлі ў пустэльні і гінулі ў пяску

а ўзнагародзяць цябе тым што ёсьць пад рукамі
пугаю сьмеху забойствам на сьметніцы

ідзі бо толькі так ты будзеш прыняты ў таварыства халодных
чарапоў у гурт тваіх продкаў: Ралянда Гэктара Гільгамэша
абаронцаў краіны бязь межаў і гораду попелу

Будзь верны Ідзі


АБЛОКІ НАД ФЭРАРАЙ

Марыі Жэпіньскай

1

Белыя
даўгія нібы грэцкія чаўны
востра абрэзаныя зьнізу

бязь ветразяў
бязь вёслаў

калі я ўпершыню
убачыў іх на карціне Гірландаё
я думаў што гэта
проста творы ўяўленьня
фантазіі майстра

але яны ёсьць напраўду

белыя
даўгія
востра абрэзаныя зьнізу

заход надае ім фарбаў
золата
медзі
крыві
зеляніны блакітнага неба

у прыцемках
іх пасыпае
дробны
лілёвы
пясок

плывуць
вельмі павольна

амаль нерухомыя


2

нічога ў жыцьці
ня здолеў я выбраць
паводле ўласнае волі
паводле добрых намераў
і ведаў

ні прафэсіі
нішы ў гісторыі
сыстэмы што ўсё патлумачыць
ні безьлічы іншых рэчаў

таму выбіраў толькі месцы
шматлікія месцы пастояў
– намёты
– шынкі прыдарожныя
– сховы для беспрытульных
– гасьцявыя пакоі
– начлегі sub Jove
– кельлі ў манастырах
– пансыянаты на беразе мора

падарожнічаў так
бы кілім-самалёт
з казак Усходу
пераносіў мяне
зь месца на месца
покуль я спаў
ці захапляўся
ці хварэў красою сусьвету

па сутнасьці гэта былі
выправы самазабойцы

заблытаныя дарогі
нябачныя мэты
зьнікаючыя далягляды

цяпер выразна бачу
аблокі над Фэрарай
белыя
даўгія
бязь ветразяў
амаль нерухомыя

павольна плывуць
але ўпэўнена
да берагоў
невядомых

гэта па іх
а зусім не па зорах
наш вызначаецца
лёс


ВЫСОКІ ЗАМАК

Лешку Электаровічу,
у знак вечнай дружбы

1

ва ўзнагароду
шпацыр
на Высокі Замак

але перш чым дабярэмся
да яго падножжа
паездка трамваем

вялікі канцэрт
для жалеза з аркестрам
літага
кутага
любага нам

альт рэек
габоі ў высокай траве
разгубленасьці

на кожным
рагу
трамвай згарае
ў экстазе

на даху
камэта
зь лілёвым хвастом

палкі скрогат
чырвонае медзі
ахрыплае медзі
непераможнае медзі

у шыбах адлюстраваны
прыціхлы
Львоў
спакойны
бледны
кандэлябар сьлёз


2

Высокі Замак
сарамліва хавае ступні
пад коўдру
зь ляшчыны
ваўчаягадаў
і крапівы

гаёчак зводніц

белай
спацелаю блюзкаю
абдымае руку
зь якарам


3

мы ідзем напрасткі
сьцяжынкаю
хуткаю як ручай

тут павесілі
Юзэфа й Тэафіля
за тое што надта моцна
яны палюбілі свабоду

– ці не раздражняюць вас
крыкі дзяцей
заклікі іх мацярок
гоман хрыпатых гандлярак

– хай кожны
робіць сваё

– а нас
ужо хутка
возьмуць
на вечаровых
на абрыкосавых
яблычных
зь сінімі беражкамі
крылах
да іншага
яшчэ вышэйшага
замка

Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч
 
 
 
Саваpani_cogito on April 10th, 2007 06:21 pm (UTC)
дзякуй яшчэ раз за гэтую працу, Андрэй.

эх, а я не далічылася з дзесятачак любімых тэкстаў(
khadanovichkhadanovich on April 10th, 2007 06:25 pm (UTC)
Ну так, мне пашчасьціла больш. Бо значна меней пераклаў. Каб з маіх не ўвайшоў дзясятачак - зусім бы нічога не засталося. :)
Саваpani_cogito on April 10th, 2007 06:30 pm (UTC)
ыыы ))
а я вось думаю, ці не падрыхтаваць поўны збор твораў?))
у альтэрнатыву ўкраінскаму КратУ?
khadanovichkhadanovich on April 10th, 2007 06:37 pm (UTC)
Поўны збор вымагае шмат перакладаў эсэістыкі. У тым ліку мастацтвазнаўчай. І драматургіі. Пацягнеш - няма пытаньняў, выдадзім. :)
Саваpani_cogito on April 10th, 2007 06:41 pm (UTC)
*хны*
драматургія. яно яшчэ ладна,
але ўспамін пра эсэ Гэрбэрта кідае мяне ў халодны пот.
мо лепш зробім проста зборнік лепшых польскіх п'ес ХХ стагоддзя?
там Вінкацы, Гамбровіч, Гэрбэрт, Ружэвіч, Мрожак...
Aксана Чарнякевіч (Бязлепкіна): гжэчнасцьeuga on April 10th, 2007 10:00 pm (UTC)
Для пачатку наладзьце прэзентацыю гэтага зборніка. І папіярце ў ЖЖ. :)
khadanovichkhadanovich on April 11th, 2007 07:25 am (UTC)
20 красавіка, 14.00, філфак, аўд. 113.
Aксана Чарнякевіч (Бязлепкіна): гжэчнасцьeuga on April 11th, 2007 04:18 pm (UTC)
Ясна... не судзіла доля... 20-га, у 14.30 мне і яшчэ тром шчасліўчыкам будуць уручаць дыпломы кандыдатаў навук... а пасля мы з калегамі збіраліся гэтак жа ўрачыста папіць гарбаты... нават запрашаць пачалі...

ну, я хаця б паспею набыць кнігу? :))
egitus_auritus on April 11th, 2007 05:24 am (UTC)
Мне ўжо вкаціла! Кажыце, куды грошы несьці?:)
Між тым, можа пан Андрэй сапраўды падкажа, дзе набыць гэту кнігу, а таксама кнігу Чэслава Мілаша,
штовыйшла ў такім жа фармаце - на арыгінальнай мове і з бел. пераводам? Дзякуй
khadanovichkhadanovich on April 11th, 2007 07:23 am (UTC)
20 красавіка, у пятніцу, будуць аж дзьве прэзэнтацыі:
а 14.00 на філфаку (К.Маркса, 31) і а 18.00 у Пушкінскай бібліятэцы (Гікалы, 4).
На абедзьвюх можна будзе набыць Мілаша з Гэрбэртам, а таксама анталёгію маладой бел.паэзіі.
Сачыце за абвесткамі.
dzianisachenier on April 11th, 2007 08:59 pm (UTC)
а ў іншы час? а ў іншым месяцы? а ў Віцебску? а на knihi.net?
А я і не спадзяваюсь.
(Anonymous) on May 24th, 2007 06:11 am (UTC)
Нужна ваша помощь!
Помогите выйграть на конкурсе! Пожалуйтса уделите мне 5 секунд,
зайдите по ссылке: http://avatars.pepsi.ru/avatar/view/6543/5963
И поставьте пятерку под моей аватаркой!
А если не трудно, попросите друзей сделать то же самое. Я очень надеюсь на ваше понимание и отзывчивость, расчитываю на вашу помощь! Спасибо!
(Anonymous) on May 25th, 2007 02:32 am (UTC)
Доброе дело
Привет!
Мне очень нужна помощь!
Не могли бы вы проголосовать за меня здесь:
http://avatars.pepsi.ru/avatar/view/6543/5963
поставьте пожалуйста оценку 5.
----
это не займет более 2 секунд.
Мне это ооочень нужно.
==
Заранее ОГРОМНОЕ СПАСИБО! :blush:
(Anonymous) on June 10th, 2007 08:38 pm (UTC)
Развлекательный форум
Привет, приглашаю вас на мой новый развлекательный форум http://leforum.ru
Он совсем новый, поэтому почти пустой, если вас заинтересуют предложеные на нем темы, оставьте пару интересных сообщений ;) Спасибки
(Anonymous) on October 2nd, 2007 03:19 pm (UTC)
Продажа Красной Икры
Продажа Красной Икры средним и мелким оптом . Горбуша . Стоимость от 950 руб. за кг. 25 кг. куботейнер.
тел. 8-901-519-3974 Алексей 8905-512-0781 и 8903-167-8687