khadanovich (khadanovich) wrote,
khadanovich
khadanovich

Дзевяноста другі дзень лета

Сяргею Прылуцкаму

Дзевяноста другі дзень лета – прывітаньне школе і верасьню!
Упадаю ў дзяцінства, кладуся й сябе яшчэ да Ўнівэру сьню.

Ані згадкі пра першага верасьня, помню толькі раніцы ўзімку,
калі мама гаворыць “пад’ём”, а я ў позе Марфэя з падушкай ў абдымку.

Душ, сьняданак са смакам зубное пасты і перад дарогай легальная кава…
Аднаклясьніцы ногі дастануць з-пад футра: чым вышэй, тым болей цікава.

І заняткі, дзе нафта – бяз коштаў, а кокс – гэта ўсё яшчэ кокс,
і сябры ў перапынку паказваюць постэр з красуняй Самантаю Фокс…

А назаўтра я зьехаў у вёску, дзе сьнегу да самых стрэх,
і два тыдні вакацыяў сьніў сябе зь ёю на постэры – сьмех і грэх!

Ну, вы толькі ўявіце нас разам, якія мае, блін, шанцы:
яна ў стрынгах і топлес, а я ў палітоне і шапцы-вушанцы!..

Мэдагляды й прышчэпкі – ня тыя, што ў ваннай, зусім ня тыя!
Цёця доктар, а зь ёй мэдсястра, і абедзьве яшчэ маладыя.

І адна як на постэры, толькі ў халаце, дарэчы – кароткім.
І са мной адбываюцца дзіўныя рэчы, заўважныя гэтым цёткам.

І тады я на радасьць фрэйдыстам крычу, што баюся ўколу…
Прачынаюся… шчасьце… мне 34 – і болей ня трэба ў школу!
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 8 comments