?

Log in

No account? Create an account
 
 
06 January 2014 @ 02:01 pm
Леанард Коэн. Гэты вальс (паводле Лоркі)  


Ёсць у Вене дзесяць жанчынаў
У адной плача Сьмерць на плячы
Сорак лоджыяў зь відам на дрэва
Дзе ўміраюць галубкі ўначы
Ёсьць халодная раніца ў раме
У мастацкім музэі Зімы
Ай-яй-яй-яй!
Атрымай гэты вальс
Дзе, зьнямелыя, кружымся мы

Ад жаданьня, жаданьня, жаданьня
Паміраю і прагну далей
У пячору, дзе рэўнасьці здані
Заблукалі ў пялёстках лілей
Дзе ня сьпіць неспатольная поўня
На гарачай тваёй прасьціне
Ай-яй-яй-яй!
Утрымай гэты вальс
Гэты вальс на апошняй струне

Наш вальс, наш вальс на чвэрць зь віна
А рэшту музыка вып’е адна –
Тры чвэрці сьмерці да дна

Ёсьць у Вене храм велічных музаў
Дзе на біс выклікалі твой рот
Побач з барам, дзе брытвамі блюзаў
Рэзаў горла музычны народ
А пасьля да твайго пастамэнту
Нёс букет сьвежазрэзаных сьлёз
Ай-яй-яй-яй!
Затрымай гэты вальс
Што памёр для цябе і ўваскрос

Ёсьць гарышча, дзе бавяцца дзеці
Прыдумляючы рыфму да “кроў”
У сьвятле найпякнейшых на сьвеце
Будапэшцкіх старых ліхтароў
Перад сном – за авечкай авечка
Абяцанкі, як траўку, скубе
Ай-яй-яй-яй!
Падтрымай гэты вальс,
Што “ніколі ня кіне цябе!”

Наш вальс, наш вальс на чвэрць зь віна
А рэшту музыка вып’е адна –
Тры чвэрці сьмерці да дна

Я пушчу гэты танец па Вене
І ракою цябе панясу
Апушчуся, як раб, на калені
Каб сабраць тваіх сьцёгнаў расу
Затрымаю імгненьне ў абдымках
Дні і ночы, і ўсё, што паміж
І ніхто не пабачыць на здымках
Маю танную скрыпку і крыж
Хай цячэ па артэрыях Вены
Мая жарсьць і твая прыгажосьць
Захавай гэты вальс!
Гэта ўсё, што ў нас ёсьць
Што было і што будзе. І досьць!