
22 кастрычніка, прэзэнтацыя кнігі выбраных камэдыяў графа Аляксандра Фрэдры па-беларуску.
У кнізе: "Дзявочыя зарокі" ў перакладзе Марыі Мартысевіч і "Помста" ў перакладзе Андрэя Хадановіча.
Пачатак: 18.00.
Месца: Рэпэтыцыйная сцэна Купалаўскага.
Уваход вольны. (Заходзіць ззаду праз службовы ўваход.)
Ніжэй - кавалачак з "ПОМСТЫ" Аляксандра Фрэдры:
КЛАРА
Мужнасць дакажы цяпер:
Ля сінеючага Ніла
Водзіцца жахлівы звер
У абліччы кракадзіла!
Рот разявіць кракадзіл –
Людзі падаюць без сіл…
Кажаш, што кахаеш Клару?
Дык даставіш мне пачвару,
А калі яшчэ жыўцом –
Будзеш проста малайцом!
Хочаш, каб цябе любіла,
Будзь адважным, годным, дужым:
Падары мне кракадзіла –
Толькі так мне станеш мужам!
Пакланіўшыся, сыходзіць у правыя дзверы.
ПУПКІН
(пасля доўгага маўчання)
Кррракадзіла!
(іранічна)
Я ў магіле!
Калі кожная кабета
Думае аб кракадзіле,
Надыходзіць канец свету!
Зараз у паненак модна
Ўсё, што для здароўя шкодна!
Некалі зірнуць з-пад веек –
І гатовы кавалер.
“Падары мне канарэек!”
Гэта можна… А цяпер:
“Хочаш, каб цябе любіла, –
Падары мне кракадзіла!”
(пасля кароткага маўчання)
Пост, маўчанне – гэта жарты,
Бо пры мне не будзе варты.
Горш са справай алігатара…
“Падары!..” Знайшла аматара!