khadanovich (khadanovich) wrote,
khadanovich
khadanovich

Віслава Шымборска (1923-2012)

Сёньня споўнілася б 90 адной з найлепшых эўрапейскіх паэтак ХХ стагодзьдзя, нобэлеўскай ляўрэатцы Віславе Шымборскай.

148.55 КБ

З гэтай нагоды - маленькая падборка перакладаў.

Віслава Шымборска

ХТОСЬЦІ ЛЮБІЦЬ ПАЭЗІЮ

Хтосьці –
значыць ня ўсе.
Нават ня большасьць, а меншасьць.
Ня лічачы школаў, дзе трэба,
ну, і саміх паэтаў,
выйдзе хіба што два чалавекі на тысячу.

Любіць –
але таксама любяць і суп з макаронай,
любяць блакітны колер і камплімэнты,
любяць дым цыгарэтаў і джынсы старыя,
любяць зрабіць па-свойму,
любяць палашчыць сабаку.

Паэзію –
толькі вось чым ёсьць паэзія.
Хісткае надта пытаньне,
паставіш ¬– можа і ўпасьці.
Я гэтаксама ня зьведала ў ёй ні драбінкі,
проста трымаюся, як за драбінкі.


БАНАЛЬНЫЯ РЫФМЫ

Якое дзіва: пахне ружа,
і неба ў лужы – цуд на цудзе,
а потым большы, любы дружа,
бо серада – і пошта будзе,
а потым большы: ліст пад вечар,
канвэрт ня рвецца, сэрца б’ецца,
а потым большы: да сустрэчы
тры дні… два дні нам застаецца,
а потым большы: апранацца,
бо спакаваная валізка,
а потым большы: “на дванаццаць
адзін плацкартны” – шчасьце блізка,
а потым большы: я ў вагоне,
махае ўсьлед таполя зь вязам,
а потым большы: бо сутоньне
і гэтай ноччу будзем разам,
а потым большы: сходы кружаць,
а потым большы: “ці чакае?”,
а потым толькі ты і ружа.
- Яна ж такааая дарагааая!


ЦЫРКАВЫЯ ЖЫВЁЛІНЫ

Пад мазурку скачуць мядзьведзі,
леў – праз вогненныя абручы.
Малпа ў жоўтай накідцы на ровары едзе.
Пугай ляскаюць цыркачы.
Грае маршык. Танчаць сабачкі.
Пуга ляскае ўсё люцей.
Слон з графінам становіцца рачкі…

І мне сорамна за людзей.

Граў аркестр, не шкадуючы струн.
Гучна пляскаў турыст і тутэйшы.
Толькі цень ад рукі, што трымала бізун,
на арэне рабіўся даўжэйшы.


ВІЕТНАМ

Як цябе завуць, жанчына? – Ня ведаю.
Колькі табе гадоў, адкуль ты? – Ня ведаю.
Чаму вырыла сабе ў зямлі нару? – Ня ведаю.
Даўно тут хаваесься? – Ня ведаю.
Чаму ты ўкусіла мяне за палец? – Ня ведаю.
Ты ж ведаеш, мы цябе не пакрыўдзім. – Ня ведаю.
Ты ўвогуле на чыім баку? – Ня ведаю.
Цяпер вайна, мусіш ведаць. – Ня ведаю.
Дзе твая вёска? Яшчэ існуе? – Ня ведаю.
Гэта твае дзеці? – Мае.


З УСПАМІНАЎ

Мы сядзелі, размаўлялі –
і раптам замоўклі.
На тэрасу выйшла дзяўчына,
такая прыгожая,
занадта прыгожая
для нашага спакойнага жыцьця тут.

Бася ў паніцы зірнула на мужа.
Крыстына сама не заўважыла,
як паклала далонь на рукі Збышку.
А я падумала: пазваню табе,
скажу, каб не прыяжджаў яшчэ пару дзён,
бо абяцаюць дажджы.

І толькі Агнешка, удава,
шчыра ўсьміхнулася прыгажуні.


ЛАНЦУГІ

Сьпёка, сабачая будка й сабака на ланцугу.
За некалькі крокаў – міска, поўная вады.
Але ланцуг закароткі, сабаку не дацягнуцца.
Дадамо да карціны яшчэ адну дэталь:
нашыя нашмат даўжэйшыя
і менш бачныя ланцугі,
дзякуючы якім мы свабодна праходзім міма.


ДАЛОНЬ

Дваццаць сем костак,
трыццаць пяць мышцаў,
каля дзьвюх тысяч нэрвовых клетак
на кожным кончыку нашых пяці пальцаў.
Гэтага цалкам досыць,
каб напісаць “Майн Кампф”
або “Віні-Пуха”.


ДА ЎЛАСНАГА ВЕРША

У найлепшым выпадку
цябе, мой верш, будуць уважліва чытаць,
камэнтаваць і вучыць напамяць.

У горшым выпадку
цябе проста прачытаюць.

Трэцяя магчымасьць –
цябе сапраўды напішуць,
але праз хвіліну выкінуць у сьметніцу.

Ты маеш яшчэ адно выйсьце –
зьнікнуць ненапісаным,
нешта радасна муркаючы сабе пад нос.
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 1 comment