khadanovich (khadanovich) wrote,
khadanovich
khadanovich

Яцак Качмарскі. ЛІМЭРЫКІ ПРА НАРОДЫ



ЛІМЭРЫКІ ПРА НАРОДЫ

Ангелец рашыў: “Пасябрую з індусам!”,
Зь вялікай сымпатыі, не пад прымусам.
А той яму шчыра
Нясьвежага сыру
Падаў на дзіравым абрусе.

Такую абразу прабачыць – бяз шанцаў,
Ангельцу ня трэба сяброў-галадранцаў:
У крыўдзе на парый
Шукаў сабе пары
Выключна ў паўночных ірландцаў.

Народы, народы! На д’ябла народы
Ідуць на вайну дзеля міра і згоды?
Чым болей змаганьня, тым меней свабоды:
Хацелі як лепей, ды ўсё як заўсёды!
Народы, народы, народы…

Настаўнік-француз меў студэнтку з Марока:
Пілі кальвадос пад шэдэўры барока,
Ды музыка зранку
Нагадвала п’янку,
Вучыць мараканку – марока!

На гэта французу сусед яго, слесар:
“Зусім не патрэбны, шаноўны прафэсар,
Тваёй мараканцы
Ні песьні, ні танцы:
Яна – патэнцыйны агрэсар!”

Народы, народы! На д’ябла народы
Ідуць на вайну дзеля міра і згоды?
Чым болей змаганьня, тым меней свабоды:
Хацелі як лепей, ды ўсё як заўсёды!
Народы, народы, народы…

Кітаец японцы адкрыў сваё сэрца,
Любоўныя вершы даслаў на паперцы.
Адказ праз два дні:
“У люстэрка зірні,
Касы жаўтаскуры блюзьнерца!”

Кітаец адпомсьціць бяздушнай кабеце –
Зрабіўся стралком самым лепшым на сьвеце.
Наведвае цір,
Ды зь Японіяй – мір…
І з гора страляе ў Тыбэце.

Народы, народы! На д’ябла народы
Ідуць на вайну дзеля міра і згоды?
Чым болей змаганьня, тым меней свабоды:
Хацелі як лепей, ды ўсё як заўсёды!
Народы, народы, народы…

Сінгал палюбіў свайго сябра-таміла,
Хоць іх на Шры-Ланцы вайна падзяліла,
Ды ведае й слон
На высьпе Цэйлон:
“Сяброўства – вялікая сіла!”

Дарэчы, сланы партызаніць фанаты
У тыле варожым пад шум кананады.
Сінгал сумна кажа:
Слана й не заўважыў,
Што скраў для таміла гранаты!”

Народы, народы! На д’ябла народы
Ідуць на вайну дзеля міра і згоды?
Чым болей змаганьня, тым меней свабоды:
Хацелі як лепей, ды ўсё як заўсёды!
Народы, народы, народы…

З габрэем хацеў сябраваць палестынец,
Навёў аўтамат і гаворыць: “Гасьцінец
Мой шчыры лаві,
Я твой брат па крыві,
Хоць кажуць: банальны злачынец!”

Габрэю ж падказвае вышні дарадца,
Што лепей жывому дадому дабрацца.
Габрэй яму: “Браце,
Пры вашай зарплаце
Ізраіль ня дасьць табе працы”.

Народы, народы! На д’ябла народы
Ідуць на вайну дзеля міра і згоды?
Чым болей змаганьня, тым меней свабоды:
Хацелі як лепей, ды ўсё як заўсёды!
Народы, народы, народы…

Лівіец, хоць жонак меў трох, мусульманак,
Чацьвёртую з Чаду прывёў на свой ганак,
З жыхаркаю Чаду
Такога даў чаду –
Штовечар, штоноч і шторанак.

А ў паўзах ёй вершы чытаў аб жырафе,
Але суайчыньнікі зь іншай парафіі
Юную кралю
Ў лівійца забралі,
Бо так загадаў ім Кадафі.

Народы, народы! На д’ябла народы
Ідуць на вайну дзеля міра і згоды?
Чым болей змаганьня, тым меней свабоды:
Хацелі як лепей, ды ўсё як заўсёды!
Народы, народы, народы…

Расіец грузіна за сьпеў яго звонкі
Любіў нават болей ад любае жонкі,
Ды дружбе – хана,
Бо расіец віна
Ня піў, а грузін – самагонкі.

Расіец тады напісаў ананімку,
І сябра ягоны з кайлом у абдымку
Год дзесяць правёў
У найлепшым з краёў,
Дзе холадна ўлетку і ўзімку.

Народы, народы! На д’ябла народы
Ідуць на вайну дзеля міра і згоды?
Чым болей змаганьня, тым меней свабоды:
Хацелі як лепей, ды ўсё як заўсёды!
Народы, народы, народы…

Паляк-патрыёт пры гарэлкавай скрынцы
Пра згоду казаў патрыёту-ўкраінцу,
Так, слова за слова,
Дайшлі аж да Львова –
І грызьліся, як у зьвярынцы.

Калі ж у турму загрымелі абое,
Адзін пагражаў: “Яшчэ маем набоі!”
Другі цераз краты
Крычаў: “Жыд пархаты!
Яшчэ разьбярэмся з табою!”

Народы, народы! На д’ябла народы
Ідуць на вайну дзеля міра і згоды?
Чым болей змаганьня, тым меней свабоды:
Хацелі як лепей, ды ўсё як заўсёды!
Народы, народы, народы…

Ах, каб не было тых народаў на сьвеце,
Жылі б на зямлі, як шчасьлівыя дзеці,
Ня ведалі б зайздрасьці, крыўды і злосьці,
І хтосьці так моцна любіў бы кагосьці –
Аж з трэскам ламаліся б косьці!
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments