khadanovich (khadanovich) wrote,
khadanovich
khadanovich

Яцак Качмарскі ЭПІТАФІЯ БОБУ ДЫЛАНУ



Сьпяць прастора і час,
Толькі зрэдку на нас
Акіян шэрай хваляй нахлыне.
А ты прагнеш туды,
Дзе патрэбна заўжды
Вандраваць супраць ветру і плыні.

Падарожжа па снох,
Калі ёсьць пара ног,
Каб трымацца бясконца ў той гонцы.
Каб ісьці ўсё хутчэй,
Не патрэбна вачэй,
Ты й навобмацак крочыш па сонцы.

За табой цэлы рух
Ці то слуг, ці то шлюх,
Канваіры натхненьня і волі:
Быць з табой хочуць там,
Дзе ты мусіш быць сам,
Бо з канвоем ня будзеш ніколі.

Зь іх ніхто не пасьпеў
Усьвядоміць, што сьпеў
Пра іх лёс атрымаўся прарочым:
Адбіваючы рытм,
У тым рытме гарым,
У тым рытме да гібелі крочым.

Шчыльным колам сяброў
П’юць віно – тваю кроў,
Твае песьні – іх моцы крыніца.
Толькі бачыць яны
Развучыліся сны,
А ты верыш у тое, што сьніцца.

З тых аматараў чвэрць
Пра тваю мараць сьмерць,
Рэшце трэба прыколы і жарты.
Ты ня пастыр іх душ,
Дык пакінь іх і руш
У краі, дзе канчаюцца карты…

А твае сябрукі
Паляць зноў маякі,
Што нікому сьвятла не давалі.
Ты ж, свабодны, як верш,
Супраць хваляў плывеш
І паволі сам робісься хваляй.
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments