?

Log in

No account? Create an account
 
 
khadanovich


І

Для хлопцаў край зямлі – на глобусе і мапе,
І ўся плянэта ім – вялікае “хачу!”,
Ды велізарны сьвет, што мроім на канапе,
Такі маленечкі – у памяці ўваччу!

Аднойчы адплывем, бы ў кругасьветнай гонцы,
У рытме горкіх хваль, на досьведзе плыўца,
Спазнаць, што акіян – ніякі не бясконцы,
А мора нашых мар ня ведае канца.

Кагосьці гоняць прэч няўдзячныя айчыны,
Камусьці родны дом абрыд яшчэ хутчэй,
А трэці забрыдзе – па рыфму – да жанчыны
І згубіцца на дне Цырцэіных вачэй.

Каб у яе хляве сьвіньнёй ня жыць да сьмерці,
Лепш вырвацца і плыць, праз буруны і льды,
І пацалункамі пякельных сонцаў сьцерці
Яе халодных губ апошнія сьляды.

Ды лепшыя за ўсіх – вандроўнікі бяз мэты:
Пакуль салёны вір не перамеле ў глей,
Плывуць усё далей, празь лёсы і сусьветы,
І ў свой апошні дзень яшчэ крычаць: “Далей!”

Іх мары лёгкія, бы зьменлівыя хмары!
Як шпага юнаку, як вецер караблю,
Ім сьніцца дзіўны край – за краем нашай мары,
Бо на зямлі ніхто ня бачыў іх зямлю!


Read more...Collapse )

Арыгінал тут: http://fleursdumal.org/poem/231
 
 
khadanovich


Красуня, давай
Адправімся ў край
Шчасьлівай вясны і вясёлак!
У рай на дваіх,
Што варты тваіх
Надзеяў і сноў, мой анёлак!
Паедзем, дзіця,
На сьвята жыцьця,
Дзе сонца ўсьміхаецца з дымкі,
А мора пяе,
Як вочы твае,
Калі адкрываеш абдымкі.

І ўсё, чаго прагнеш, там ёсьць:
Раскоша, спакой, прыгажосьць!

Абставім пакой
Зь любоўю такой,
У стылі такім рарытэтным,
Каб дрэва і шкло
Чароўным было,
І добра было тэт-а-тэт нам.
Камін, жырандоль,
Каб цені – на столь,
Суквецьцяў, сугуччаў сумоўе,
Нібыта з чужой,
Ды блізкай душой
Гаворыць само залюстроўе.

І ўсё, чаго прагнеш, там ёсьць:
Раскоша, спакой, прыгажосьць!

А зранку, калі
Усе караблі
Чакаюць цябе на прычале,
Адно захаці –
І ў Індыю ці
Амэрыку нас бы памчалі.
А ўвечар, калі
Палацы й палі
Залоціць сьвятло на заходзе,
Палеткі й дамы
Заснуць, як і мы,
У цёплай вясновай лагодзе.

І ўсё, чаго прагнеш, там ёсьць:
Раскоша, спакой, прыгажосьць!

Арыгінал: http://fleursdumal.org/poem/148