April 9th, 2013

nohi

Заява Рады РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр"

Як паведамляюць сродкі масавай інфармацыі, у фотаальбомах са здымкамі прызёраў мінулагодняга конкурсу “Belarus Press Photo”, канфіскаваных у беларускіх фатографаў Аляксандра Васюковіча і Юліі Дарашкевіч, экспертыза, замоўленая Упраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці, выявіла «наўмысна скажоныя, не адпаведныя рэчаіснасці выдумкі пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, якія прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Беларусі”.

“Падборка матэрыялаў альбома ў сукупнасці адлюстроўвае толькі негатыўныя аспекты жыццядзейнасці беларускага народа… змяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый”.

“У адпаведнасці з арт. 1 Закона РБ “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, дзейнасць грамадзян па ажыццяўленні дзеянняў, скіраваных на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, ёсць экстрэмісцкай”, — гаворыцца ў адказе на імя Юліі Дарашкевіч. Цяпер незалежных журналістаў-фатографаў Юлію Дарашкевіч і Вадзіма Заміроўскага, арганізатараў творчага конкурсу Belarus Press Photo — 2011, выклікаюць у суд.

РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр" — зарэгістраванае ва ўсталяваным парадку добраахвотнае грамадскае аб'яднанне, адна з галоўных мэтаў дзейнасці якога — супрацьдзеянне любому абмежаванню і пераследу грамадзян Беларусі ў рэалізацыі іх права на свабоднае выказванне сваіх думак і поглядаў. Гэтае права гарантаванае, у прыватнасці, артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе гаворыцца:

“Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб'яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца”.

Рада РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтр” разглядае такія дзеянні ў дачыненні да фатографаў як праяву пераследу журналістаў за іх творчасць і іх перакананні, што наўпрост супярэчыць прыведзенаму вышэй артыкулу Канстытуцыі, а таксама ўзятым на сябе Рэспублікай Беларусь міжнародным абавязанням у галіне абароны найважнейшых правоў чалавека.

Заклікаем адпаведныя дзяржаўныя органы спыніць незаконны пераслед журналістаў і творцаў. Пры гэтым мы пакідаем за сабой права паінфармаваць міжнародную супольнасць аб фактах парушэння правоў на свабоду выказвання і творчай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.


Старшыня РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр" Андрэй Хадановіч
chkalava

КРЫВАВЫ РЭЖЫМ

У мяне бацкі – зьвяры!
Абуджаюць на зары,

Кожны ранак чысьціць зубы
Прымушаюць, душагубы!

На сьняданак – пяць хвілін,
І ляцім у школу, блін!

“Адстаеш! Хутчэй! Рэжым!” –
За аўтобусам бяжым.

Бах! На дзьвюх каленках – вавы…
Вось такі рэжым, крывавы!..

Яшчэ горай пасьля школы:
Мама зноў вядзе на ўколы.

Не даюць дагледзець мульт,
Вырываюць з пальцаў пульт!

Ой, зялёнкай мажуць ранкі!
Еж – і спаць без калыханкі.

Засынаю. А на кухні,
Тата кулаком як бухне:

Нешта пра рэжым суровы,
Ад якога ўсе дрыжым…

Ведаеш, чыя б карова!
Хто асудзіць мой рэжым?