April 1st, 2013

nohi

Lo siento, señora!

У Венесуэле
мне ўвесь час дзіка шанцавала.
Можа, таму, што першы раз.
А можа, таму, што дурням наагул шанцуе,
тым больш першы раз у Венесуэле.

“Даруйце, сэньёра!
Я першы раз у Венесуэле,
я ня ведаў, што гэта так сур’ёзна!” –

кажу я памежніцы ў аэрапорце,
якая ня хоча мяне прапускаць
праз пашпартны кантроль,
і правільна робіць,
бо я прахезаў вельмі важную паперку,
безь якой яны жывымі не выпускаюць.

Што рабіць?
Украінскія памежнікі ў такіх выпадках
вымагаюць іншую важную паперку,
але тут краіна, дзе сацыялізм перамог,
хабар не прайшоў –
сэньёра зьбіраецца выклікаць паліцыю!

“Сьмерць у Венесуэле”, –
прыходзіць мне ў галаву назва,
якой абзайздросьцяцца клясыкі,
калі, канечне, мне дадуць яшчэ нешта напісаць…
Таму я паўтараю, як мантру:

“Даруйце, сэньёра!
Я першы раз у Венесуэле,
я ня ведаў, што гэта так сур’ёзна!”

Ейны позірк нечакана цяплее –
і яна робіць першую саступку,
прапануючы мне вярнуцца туды,
дзе я здаваў багаж,
і папрасіць назад валізку:
“А раптам паперка там?”
Я адчуваю, што мая тактыка дае плён –
і ў трэці раз паўтараю:

“Даруйце, сэньёра!
Я ўпершыню ў Венесуэле,
я ня ведаў, што гэта так сур’ёзна!”

І тут яна не вытрымлівае.
Ад душы размаўнуўшыся штэмпэлем,
яна бухае мне патрэбную пячатку,
працягвае пашпарт
і ўрачыста кажа на разьвітаньне:

“Запомніце, сэньёр,
быць у Венесуэле –
гэта вельмі, вельмі сур’ёзна!”