March 30th, 2013

nohi

Museo de los niños

Музэй дзяцей
найлепей наведваць зь дзецьмі –
чужых паглядзець,
сваіх паказаць.

Экспазіцыя – не галоўнае,
галоўнае – добра прабавіць час,
пакуль твае дзеці
ня прыйдуць сюды са сваімі дзецьмі,
а ты ідзі куды хочаш,
напрыклад, у іншы музэй.

На першым паверсе – аснова, падмурак,
усё пра Зямлю, то бок збольшага Венесуэла,
і трохі ейных ускраін. (Ускраіны, не крыўдуйце,
у вашых краінах было б тое самае ці яшчэ горш.)

Вышэй – біялогія, фізіка, экалогія,
адаптаваныя для дзяцей –
так добра, што нават дарослыя разумеюць.

Вось, скажам, love story ў коміксах:
на першым малюнку дзядзя цалуе на лавачцы цёцю,
а на другім іх расьпісвае строгі чыноўнік
(ніякіх вянчаньняў),
на трэцім анёлак трымае сэрца над ложкам,
а на чацьвёртым дзядзя мацае цёці жывот,
на пятым цёця ў разрэзе, а ў жываце –
новы наведнік музэю, Show Must Go On…

Ты так захапіўся,
што не заўважыў, як выйшаў з музэю,
а думаў, што ўсё яшчэ тут,
праходзіш па залях, якія
робяцца ўсё цікавейшымі.

Вось алькагольная крама
зь дзіцячымі экспанатамі,
якія даводзяць маленькім наведнікам
шкоднасьць сьпіртных напояў –
бачыш, што робіцца з бацькам,
рабі высновы.

Вось цэлая рота вайскоўцаў,
і ўсе з карабінамі,
гэта музэй сумяшчае прыемнае і карыснае:
трохі гульні ў вайнушку,
трохі асноў пацыфізму.

Вось дзеўкі ў кароткіх спадніцах,
яны – каб давесьці малым,
што іхныя таты кахаюць выключна мамаў:
глядзіце, ідуць і нават ня косяць вачэй у іх бок…
Ці ўся-такі косяць?

А вось дарожны затор – дзіцячы аўтобус
расплюшчыў дзіцячую легкавушку,
бо першы кіроўца касіўся на дзевак,
другі ўжыў музэйны напой
(глядзіце вышэй).
Першы будзе сядзець у дзіцячай турме,
а другі, да канца жыцьця, у музэйным
інвалідным вазочку.

А проста над месцам аварыі –
гіганцкі партрэт таго,
хто ўсіх іх прывёў у вялікі музэй дзяцінства,
вось толькі ня змог дачакацца дзяцей дзяцей,
сышоў – і яны свавольнічаюць, як могуць:
бухаюць проста ў музэі,
страляюць адно ў аднаго,
бягуць ад жонак да шлюх,
разьбіваюць аўтобусы ўшчэнт,
карацей –
паводзяцца, нібы дзеці.