February 13th, 2013

nohi

Іосіф Бродзкі

* * *
Я ўваходзіў заместа дзікага зьвера ў клетку,
выціскаў клікуху й тэрмін цьвіком у бараку,
жыў ля мора, гуляў у рулетку,
абедаў чорт ведае з кім у фраку.
Бачыў сьвет зь ледзяной вышыні, за крок да абвалу.
Тройчы тануў, двойчы рэзалі грудзі.
Кінуў краіну, якая мяне ўзгадавала.
Скласьці ўсіх, хто мяне забыў, – цэлы горад будзе.
Апранаўся па модзе ў тое, што перашыта;
вандраваў па стэпах, дзе гуны прайшлі ардою.
Чорным толем крыючы гумны, сеючы жыта,
не напіўся толькі сухой вадою.
Я ўпусьціў сабе ў сны турмы варанёныя зрэнкі,
жэр хлеб выгнаньня, чужы абжываў падворак.
Дазваляў свайму горлу ўсе гукі, абы ня енкі;
перайшоў на шорхат. Цяпер мне сорак.
Што сказаць пра маё жыцьцё? Мне яго хапіла,
каб дазнацца, што гора й страты – яго адзнакі.
Ды пакуль мне глінай рот не заб’е магіла,
зь яго будуць чутныя толькі словы падзякі.

24 траўня 1980