December 31st, 2012

canabis

Gracias A La Vida.BY

На замову "Свабоды" пераклаў класную песьню чылійскай сьпявачкі Віялеты Пары (Violeta Parra).

39.66 КБ

На жаль, на "Свабодзе" ніводным словам не згадалі аўтарку, то даю цікаўным спасылачку:
http://en.wikipedia.org/wiki/Violeta_Parra

У мяне атрымалася відавочна мужчынская вэрсія тэксту. :)
Разумею, сябры, што вы заслугоўваеце лепшага выкананьня, але ўжо як выйшла:




ДЗЯКУЮ ЛЁСУ

Дзякую лёсу за ўсе падарункі —
Шчасьце бачыць сонца, кветкі і малюнкі,
І не памыліцца між белым і чорным,
Калі ўсё на сьвеце наперакор нам,
Проста быць з табою, каб ляцець да зор нам...

Дзякую лёсу за ўсе падарункі —
Радасьць гукі сьвету каштаваць, як трункі:
Як сьпявае птушка, дрэва й кожны колас,
Як гучыць да ночы гэты мэгаполіс,
І ў людзкім натоўпе — самы родны голас.

Дзякую лёсу за ўсе падарункі —
За жывую мову і пісьма карункі,
Што складаю ў словы літары і гукі:
Маці, брат і сябра, дом пасьля разлукі,
Дзе мяне абдымуць самай роднай рукі.

Дзякую лёсу за ўсе падарункі —
Мне дала дарога розныя кірункі:
Новыя мясьціны дарыць новы ранак,
Шмат замежных вуліц і чужых каханак...
Дзякуй, што чакае самы родны ганак!

Дзякую лёсу за ўсе падарункі,
Хоць яшчэ ня час мне зводзіць зь ім рахункі:
Сэрца б’ецца ў рэбры, нібы выйсьці хоча
Ў валадарства неба з валадарства ночы,
Але тут мне сьвецяць самай роднай вочы.

Дзякую лёсу за ўсе падарункі —
За каханьне й сьлёзы, боль і пацалункі,
Горкую спакусу, што ўначы і ў цішы
Пра сьвятло і шчасьце песьню маю піша,
Пра сьвятло і шчасьце тваю песьню піша,
Пра сьвятло і шчасьце нашу песьню піша.
Дзякую лёсу...