December 30th, 2012

chkalava

Ну, з надыходзячым! )

ПЕРАДУМАЛА

Сёлета на Каляды
ёй падаравалі модныя ўнівэрсальныя
зімовыя пальчаткі:
пальцы абрэзаныя да паловы,
але, на выпадак халадоў,
ёсьць яшчэ спэцыяльны каптурок,
што трымаецца збоку на ліпучках.

Учора пры сустрэчы
яна падала яму руку ў пальчатцы,
закрытай каптурком.
Сёньня ж хацела падаць
у пальчатцы з адкрытымі пальцамі.

Але адразу перадумала –
і зьняла пальчатку зусім.

А потым падумала яшчэ –
і запрасіла ў госьці,
сустракаць Новы год сам-насам.

“Толькі, ведаеш, набудзь, калі ласка…
ну, ты разумееш,” –
дадала яна, пачырванеўшы.

“Дарагі Сьвяты Мікола, –
прасіў ён увечары. –
Калі ты ўжо такі шчодры,
зрабі, калі ласка, прэзэнт і мне.

Падаруй мне на Новы год
пачак… ну, ты разумееш –
толькі модных і ўнівэрсальных,
такіх, як ейныя пальчаткі,
з каптурком на ліпучках…

На выпадак, калі яна зноў перадумае”.