December 24th, 2012

chkalava

Усіх, хто сьвяткуе - са Сьвятам!

КАНЕЦ СЬВЕТУ. КАЛЯДЫ

На Каляды мерзнуць у чэргах – жалезнае правіла.
Зябнем так, што шкадуеш нават апошніх гадаў…
Праляцела бутэлька з-пад віскі, але ня трапіла –
усяго сантымэтар ад скроні. Шчасьлівых Калядаў!

Мандарыны, соль і запалкі купляе паў-Беларусі.
Рэшта ведае: толькі гарэлка ўратуе плянэту.
– Канец сьвету! – кажа сусед. – Не баісься трапіць?
– Баюся, –
кажа іншы сусед, – што ня трапіць канец у Сьвету…

Новага году ня будзе й Дзед-Мароз не прыедзе,
нават Сьнягурка з пахмельля прачнулася хворай.
А мы паставілі ёлку, і разам з намі суседзі,
і валасы каханай цэлую ноч пахнуць хвояй…

Цемра паўсюль настае па майскім календары,
і разьліваем па шклянках, ня гледзячы ў неба.
А дзеці крычаць: “Ялінка, гары! Ялінка, гары!” – і ўгары
загараецца зорка, і робіцца ўсё, як трэба…

Ля пад’езду ўвесь год валялася нейкая цэгла,
але вокнаў ніхто ў бацькоўскай хаце ня выбіў…
Сьветка выйшла ў касьцюме Сьнягуркі і ў краму пабегла.
У вачах столькі шчасьця, што ясна: сусед ня схібіў.