November 22nd, 2012

canabis

"Кайтус Чарадзей". Упершыню па-беларуску

Януш Корчак. Кайтусь Чарадзей. Менск, Логвінаў, 2012. Пераклала з польскай Марына Шода. Малюнкі Насты Атраховіч.

161.44 КБ

Усе пастаянна скардзяцца.
Дворнік кажа, што ён кінуў з акна на галаву гаспадара дома селядзец.
– Кінуў?
– Няпраўда.
Па-першае, зусім не селядзец, а толькі селядцовы хвост.
Па-другое, не на галаву, а на капялюш.
Па-трэцяе, не з акна, а праз парэнчы сходаў.
Па-чацвёртае, не Кайтусь, а іншы хлопец.
І ў дадатак – не трапіў, няздара.
Дворнік расказвае, што Кайтусь пагасіў святло на лесвіцы ў пад’ездзе.
– Няпраўда. І зусім не на лесвіцы, а толькі на першым паверсе. Адкуль дворнік увогуле ведае, што я? Можа, хтосьці іншы? Можа, хтосьці яшчэ? Можа, дзяўчынка пагасіла, а не хлопчык? Можа, які пажарнік пагасіў? Ёсць жа ў Варшаве пажарнікі.
Дворнік кажа, што Кайтусь звоніць у дзверы і збягае.
– Так – званю, але ў іншых пад’ездах. Не ў нашым. І толькі аднойчы званіў – даўно.
– А навошта званіў?
– Ды так проста.
Бо хоча даведацца, ці не сапсавалі званок. А часам ад нуды. Часам ад злосці, што ён ідзе ў школу, а гэты званок вісіць сабе, нібы які граф, і нічога не робіць.
Дворнік кажа:
– Вывараціў камень, сапсаваў вадасцёк.
А гэта ўжо суцэльная лухта.
Кайтусь нават ведае, хто гэта зрабіў.
– Санкі я збіваў, але малатком, а зусім не каменем. А дошку абапёр на ганак, а не на вадасцёк.
У яго нават сведка ёсць. Ён можа прывесці хлопца, які яму даў малаток і трымаў дошку.
Ізноў прыходзяць скардзіцца.
– Шыбу пабіў. Камень кінуў.
– Я бачыў, як ён уцякаў. У сабаку камень кінуў.
– Не ў сабаку, а ў ката. Не камень, а кавалак цэглы. А шыбу каменем выбіў зусім іншы хлопец. Мы толькі ўцякалі разам.
Ён ведае хто, але не скажа.
– Гэтая спадарыня проста дрэнна бачыць.
А яшчэ прыходзіць са скаргамі і патрабуе заплаціць за шыбу!
Бо выгладае так, быццам ніхто нічога дрэннага не робіць, толькі Кайтусь.
А ёсць жа і горшыя за яго…