October 25th, 2012

nohi

Караоке

Калісь глядзеў на сонца я…
Максім Багдановіч

Калі доўга глядзець на сонца,
абавязкова асьлепнеш.
І нават верш, які потым напішаш,
будзе слабым суцяшэньнем.

А вось калі глядзець,
як яно ўзыходзіць або заходзіць,
вочы могуць вытрымаць.
Больш за тое, калі потым чытаць,
літары будуць пералівацца
ўсімі колерамі тваёй унутранай
псыхадэлічнай вясёлкі.

Скажам, уяжджаеш ты з Ілінойса ў Аёву,
адным вокам чытаеш кіндл,
а другім сочыш, як на папярэдняй
старонцы нябеснага букрыдэра
паволі зьнікае сонца.

І тут у кіроўцы зьвініць мабільнік,
ужываны, яшчэ як ужываны,
з тых дзён, калі ён быў крутым перцам,
з гарачай галавой, халодным сэрцам.

Калі хадзіў на амэрыканскі футбол –
у тыя часы, калі футбол у Амэрыцы
мог быць толькі амэрыканскім.

Калі езьдзіў зь дзяўчатамі на радэа
заўзець за сваіх любімых каўбоеў,
а дзяўчаты казалі,
што іх любімы каўбой – гэта ён.

Калі, прыпаўзаючы на стадыён
на канцэрт “Бон Джові”,
які яшчэ не сьпяваў за Абаму,
падымаў угару, нібы запальнічку,
сваю мабілу, і яна сьвяціла так,
што ад яе напраўду можна было прыкурваць.

Collapse )