October 11th, 2012

canabis

Гэнзбур б'е шыбы! Непаўнагадовым не чытаць і ня слухаць! :)



СТАРАЯ КАНАЛЬЯ

Калі ты нарэшце памрэш,
старая каналья?
Калі ўсім на радасьць памрэш,
старая каналья?
Паслухай, здохні хутчэй –
і дыхаць стане лягчэй!
Калі табе ўжо капут,
сьмярдзючы вярблюд?

Я сам прывёў цябе ў дом,
старая каналья.
А ты ў ім зладзіў садом,
старая каналья.
Спаліў мае дываны,
мае абгадзіў штаны
і ў ложку валяесься тут,
сьмярдзючы вярблюд!

Я жонку знаёміў з табой,
старая каналья.
Сам жонку знаёміў з табой,
старая каналья.
Ты вока паклаў на яе,
шаптаў ёй жарты свае
і лапаў, цягнучы ў кут,
сьмярдзючы вярблюд.

Ты зь ёй дабіўся свайго,
старая каналья.
Ты зь ёй рабіў огого,
старая каналья.
Яна: “Які ён вялізны!”
А ты парваў шмат бялізны
й газэту з курсам валют,
сьмярдзючы вярблюд!

І тут я выцягваю ствол,
старая каналья.
Я свой выцягваю ствол,
старая каналья.
Сабе скамандую “плі!”,
і ты – купа мяса, калі
ў цябе разраджу рэвальвэр,
стары хер!

Цябе пакладуць у труну,
старая каналья.
А я тым часам гульну,
старая каналья.
Зьмяшаю віно і каньяк,
бо сёньня іначай ніяк,
бо здох такі – здарыўся цуд! –
сьмярдзючы вярблюд.
canabis

Ну, і яшчэ адзін Гэнзбур. Па-мойму, вельмі кранальны.



МУЗЫКА ЗЬ ЯВЫ

Нібы
сьвятло,
што раньш было,
да мяне,
цячэ
ўва мне,
хоць вам і не
да мяне, –

з мроі ці зь явы,
танец пад музыку зь Явы:
я, вы, ён –
шанец ці сон? шансон.

Каму
ў жыцьці
кахаць вас ці
вабіць вас?
А я
здаўна
хварэю на –
мабыць, вас.

З мроі ці зь явы,
танец пад музыку зь Явы:
я, вы, ён –
шанец ці сон? шансон.

Здалося мне,
што не
міне
красавік.
Я быў
дзіцё,
лічыў,
жыцьцё –
чарнавік.

З мроі ці зь явы,
танец пад музыку зь Явы:
я, вы, ён –
шанец ці сон? шансон.

Вось так,
жыві
пасьля
любві
на зямлі:
зрабі
ключы
і сьпі
ўначы…
Вы змаглі.

З мроі ці зь явы,
танец пад музыку зь Явы:
я, вы, ён…
Покуль гучыць шансон.