October 1st, 2012

nohi

Сьвяты Францыск Каліфарнійскі

Ходзіць па Чайнатаўне ў цёплай талстоўцы,
вязанай шапачцы і пальчатках бяз пальцаў.

Часам падарыць графітчыку новы балёнчык з фарбай.
Часам падкіне пяць баксаў вулічнаму актору.

Ведае мову зьвяроў і замежных турыстаў.
Разумее сабак і сабакаводаў,
просіць другіх заўжды прыбіраць пасьля першых.

Водзіць на пляж і знаёміць самотных лесьбіек.
Запрашае бяздомных на вечарыны,
дзе пасьля вершаў звычайна частуюць піцай.

Калі пачынаецца дождж,
раздае мінакам шыкоўныя парасоны,
асьцярожна зьбірае з асфальту смаўжоў
і дажджавых чарвякоў,
якіх кідае рыбам,
а рыбаў – птушкам.
Звычайна дзьвюх рыбак хапае, каб накарміць
усіх партовых бакланаў.

Зранку працуе вагонаважатым
на канатнай чыгунцы
і бясплатна пускае ўсіх гарадзкіх катоў,
што на падножках віснуць і задаволена
паціраюць вусы дваццаціпяці-
цэнтавымі манэткамі.

Удзень варожыць у знакамітай кнігарні,
адкрываючы найбліжэйшы да наведніка томік
на выпадковай старонцы:
“Усё, што вам трэба, – гэта каханьне!” –
кажа худому падлетку ў трэснутых акулярах.
І ягонаму сябру, які трымае яго за руку:
“А калі нельга кахаць з аднолькавай сілай,
будзь тым, хто кахае больш!”

Увечары шпацыруе ля Ціхага акіяну,
размаўляючы з рыбакамі й гаспадарамі яхтаў.
Мерзьне і, каб сагрэцца, падымаецца ўгору,
цяжка дыхае, выпускаючы з рота густыя
клубы цёплае пары – і Залаты
Мост патанае ў тумане.

55.06 КБ