September 29th, 2012

nohi

Чайнатаўн для чайнікаў

Калі табе прапаноўваюць нешта са зьніжкай,
лепей не пагаджайся, калі ж пагадзіўся,
лепш не хадзі ў чайнатаўн, калі ж пайшоў,
лепш не глядзі на кошты, калі ж паглядзіш,
сам на сябе крыўдуй, а цябе папярэджваў.

Толькі заходзіш за браму, а там – восем пар рук і ног
працуюць зладжана ў такт, і гэта зусім не васьмёрка
весьляроў, гэта восем кітайскіх дзетак
выйшлі на прагулянку,
трымаючыся за кольцы, прычэпленыя да вяроўкі,
па чацьвёра з кожнага боку, а на чале
крочыць іх правадыр –
таварыш мама.

Дарэчы, будзе і Мао –
у антыкварнай краме, на каляровым здымку,
у атачэньні аголеных кітаянак (на іншых здымках),
нібы настаўнік і верныя вучаніцы.

Толькі зірнеш адным вокам – і зробіцца цёмна:
ці то ўваччу, ці то проста настане вечар,
ліхтарыкі над галавой стануць вадзіць карагоды,
пераміргваючыся з тваёй фотаўспышкай.

Ты ідзеш павячэраць. Дарэчы, ідзі
толькі туды, дзе ты адзін не-кітаец:
накормяць як госьця, а возьмуць як са свайго.

Ты прывітальна паклонісься, і ў адказ
дзесяць старых зацокаюць языкамі,
і найстарэйшы выйдзе табе насустрач,
што, безумоўна, будзе знакам павагі.

Ня трэба прасіць у яго канкрэтны гатунак гарбаты:
выявіцца, што гатункаў болей за сотню,
і ты, ня здолеўшы выбраць, памрэш ад смагі.
Скажы яму проста: “tea”, а ён, паглядзеўшы ў вочы,
сам вырашыць, што табе трэба, ён разумнейшы.

Ты зь ім імгненна знойдзеш агульную мову
на глебе таго, што абодва ня ведаеце ангельскай,
а гэта ў чужой краіне ня можа не аб’ядноўваць.

Ён скажа, што моладзь пайшла – горш няма куды,
ніхто не шануе традыцыяў,
ня слухаюцца старэйшых,
усё радзей размаўляюць на роднай мове.

Ты скажаш, што сам калісьці быў такім самым
неслухам, што б’е шыбы ў бацькоўскай хаце,
але ўжо маеш сваю дачку, узяўся за розум
і нават думаеш ставіць у вокны новыя шклопакеты.

Ты скажаш яму, што набыў у крамцы насупраць
нататнік з таварышам Мао й чырвонай зоркай –
і гэта будзе знакам тваёй павагі.
А ён падарыць табе другі, таксама з намёкам:
кітайскія дзеткі на вокладцы добра вучацца ў школе.

Ён скажа табе: “Гудбай, ю маст гоў, ю кэн лэйт!”
Ты скажаш, як тут прынята: “Ай доўнт сьпік Інглісі”.
Ён скажа табе: “Мі ту”.