September 23rd, 2012

nohi

:) :) :)

Уся Амэрыка радасна ўсьміхаецца.
Увечары й нават зранку.
Прачынаецца, чысьціць зубы
і адразу пачынае ўсьміхацца.

Нават аёўскія шэрыя вавёркі,
перад тым як кінуцца табе пад ногі,
ветліва ўсьміхаюцца.

І ты тут радасна ўсім усьміхаесься
і ўсе радасна ўсьміхаюцца табе ў адказ.

Толькі адзін сівенькі дзядок не ўсьміхаецца.
Проста сумна глядзіць табе ў вочы, быццам гаворачы:
“Ты малайцом, ты ўсё робіш правільна,
але я так, выбачай, не магу”.
Устае з бардзюра і няцьвёрдай хадой ідзе ў бар.

Сёньня зранку ты добра яго зразумеў.
Другая пляшка віскі са штату Кентукі
выявілася большай, нашмат большай, чым табе здавалася,
і цяпер нагадвае пра ўчора –
кожны рух галавы балюча аддаецца ў галаве
і кожны рух мышцамі твару
таксама аддаецца.

А паўзь цябе з радаснымі ўсьмешкамі
прабягаюць студэнты й студэнткі –
а ты толькі сумна глядзіш ім у вочы:
“Малайцы, вы ўсё робіце правільна,
толькі я, даруйце, сёньня так не магу”.
Устаеш з бардзюра і няўпэўнена рухаесься да…

Праз паўтара месяца ты вернесься на радзіму –
і будзеш радасна ўсім усьміхацца.
І ніводзін сабака не ўсьміхнецца табе ў адказ.

Стоп, а можа, яны ўсе ўчора таксама таго?
Хочуць, але ня могуць
паварушыць мышцамі твару?

Дарагія суайчыньнікі,
калі вы ўжо ня можаце ня піць,
то прынамсі дакладна разьлічвайце
аб’ёмы сваіх пляшак,
або хаця б пахмяляйцеся зранку
проста ў ложку,
а потым уставайце з правільнай нагі,
чысьціце зубы,
цалуйце сваіх каханых,
радасна выходзьце з дому
і – усьміхайцеся, усьміхайцеся, усьміхайцеся!