September 22nd, 2012

nohi

Більярд а палове на дзясятую

Што мне падабаецца ў правілах
амэрыканскага більярда?

Тое, як Луіс у момант удару
зьдзіўлена адкрывае рот,
быццам ня верачы, што канец сьвету
усё яшчэ не настаў,
хоць шар ужо закаціўся ў лузу,
тройчы адскочыўшы ад борта;

тое, як Аліса ў момант удару
адкідвае валасы, нахіляе галаву
і заплюшчвае вока, як прафэсійны снайпэр,
і гучыць стрэл –
і падае мёртвая ціша,
а потым усе ажываюць,
яшчэ як ажываюць;

тое, як Аліна ўпершыню ў жыцьці
бярэ кій – і ўсе мужчыны паблізу
зьбіраюцца паблізу,
раюць, дапамагаюць, прагнуць
хоць зьлёгку дакрануцца
і проста рухаюцца вакол,
як плянэты вакол сонца,
а яна ўся аж сьвеціцца.

І музыка сфэраў
гучыць з музычнага аўтамата,
і танцы віруюць навокал стала,
і гульцам усё цяжэй
трымаць у руках кій, бо танцоркі
танчаць зь ім, як з шастом,
скокаюць зь ім, як з шастом,
палова на дзясятую, палёт нармальны…

Стол хістаецца, як паранены,
а хто ня верыць, можа сам укласьці
чатыры манэткі, як пальцы, у ягоныя раны,
і пераканацца, што ўсё гэта
можа адбывацца кожны вечар
проста таму, што так павінна быць
кожны вечар а палове на дзясятую –
нават ня думайце парушаць
правілаў амэрыканскага більярду!

І, галоўнае, не спрабуйце
паўтарыць усё гэта ў хатніх умовах!