September 10th, 2012

nohi

Раманы

Ён нарадзіўся на пачатку ХХ ст.
Праз двацаць год выдаў свой першы раман,
які адразу быў перакладзены на дваццаць моваў.

Герой, дваццацігадовы паэт,
расчароўваецца ў творчасьці,
але потым прыходзіць у літаратурны музэй,
закохваецца ў прыгожую супрацоўніцу,
дабіваецца яе каханьня, зноў пачынае пісаць,
але неўзабаве памірае ў ейных абдымках,
так і не пасьпеўшы нічога пакінуць нашчадкам.

У сябе на радзіме
раманіст атрымаў усе магчымыя ўзнагароды
і быў прызнаны жывым класікам.

Праз дваццаць год літаратурнай дзейнасьці
ён быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію,
якой не атрымаў,
што моцна абурыла ўсіх ягоных землякоў.

Яшчэ праз дваццаць год
ён памёр у сваім ложку,
так больш і не напісаўшы ніводнага рамана.

У год сьмерці класіка
ў яго родным горадзе быў заснаваны літаратурны музэй,
а трохі пазьней – надрукаваны каляровы буклет
пра ягоныя жыцьцё і творчасьць,
якім праз дваццаць год малады наведнік музэю,
паэт-пачатковец,
захінуў ад ліўня прыгожую экскурсаводку,
што сама ніколі б не наважылася
так абысьціся з каштоўным рарытэтам.

Праз двацаць дзён
ён прыйшоў да яе на працу –
у панядзелак, калі ў музэі быў выходны
і ніхто не замінаў прызнацца ў каханьні.

Яшчэ праз дваццаць дзён,
напісаўшы свой найлепшы любоўны верш,
ён наважыўся папрасіць у дзяўчыны рукі,
якую атрымаў,
што моцна абурыла ўсіх ейных землякоў.

Яшчэ праз дваццаць дзён,
упершыню займаючыся зь ёй каханьнем,
ён падумаў, што вельмі ўдзячны класіку
і абавязкова перачытае ягоны раман.

Праз дваццаць год ён памёр у сваім ложку
ў абдымках прыгожай жонкі,
якая да канца жыцьця
працавала экскурсаводкай у музэі,
так больш і не завёўшы
ніводнага раману.

Цяжка сказаць, які з двух атрымаўся лепшым.
nohi

* * *

Пасярэдзіне вялікага возера
пад праліўным дажджом
высока ў неба б’е фантан,
як помнік
чыстаму мастацтву.