September 5th, 2012

nohi

Макдональдз

А яшчэ раскажу вам, што мне расказаў адзін пажылы літаратар:
“Слухай, Андрэйка, старога профі, покуль яшчэ аматар.

Потым іншым таксама раскажаш на вашых дурацкіх варштатах.
Усё было так: я сядзеў на стыпэндыі ў Злучаных Штатах.

Я ў макдональдз на ровары ехаў. Яна перабегла мне веладарожку,
сказаўшы, што на траве нашмат цікавей, чым у ложку.

Яна была чорнай,
спартыўнай,
халоднай,
як дыетычная кола зь лёдам.
А я, бы малочны кактэйль, быў белым і тлустым уродам.

Яна страляла вачыма цыгары й падпальвала іх вачыма.
Што ёй ува мне спадабалася, уявіць немагчыма.

Яна мне сказала, што замужам, пачаставала вішняй,
спыталася: “Трэцім будзеш?” Я адказаў: “Трэці лішні”.

Яна шпурляла вішнёвымі костачкамі ў ваду,
трапляючы ў раварыстаў,
што адбіваліся ў рэчцы
ад іх на хаду.

Раварысты круцілі педалі і пальцам ля скроні,
а яна сядзела ў мяне на каленях, быццам на троне.

Я параўнаў яе з рымскай гетэрай, зь японскай гейшай,
а яна мне сказала: “Хто шмат балбоча, прапусьціць найцікавейшае!”

А яшчэ – што кветка па тое, каб сарваць, бо потым завяне.
А яшчэ – што пайшла на славістыку, бо яе кахаюць славяне.

Аднаго сустрэла ў Бэрліне, другога – на высьпе, у Вісьбі.
Трэцім будзеш?.. Зоркі над намі гулялі да раніцы ў фрызьбі.

Я казаў ёй, што сэнсу нямашака, а яна мне казала, што ёсьцека –
і глытала мяне, як вішню, не пакідаючы хвосьціка.

Я скакаў з ільдзінкі на льдзінку ў яе дыетычнай коле,
хапаючыся за саломінку, што не ратуе ніколі”.