September 3rd, 2012

nohi

Labor Day

Горад фактычна спыніўся. Офісы не працуюць.
Банкі не працуюць. Абменьнікі не працуюць.
Кнігарні не працуюць. Музычныя крамы не працуюць.
Аптэкі не працуюць. Пра больніцы нават баюся думаць.

Зялёнае сьвятло на сьветлафорах амаль не працуе.
Глушылкі на матацыклах праз адну не працуюць.
Паліцыя толькі робіць выгляд, што працуе,
бо інакш нас ужо тройчы спынілі б.

Дарожныя службы не працуюць. Пажарнікі не працуюць.
Нават паўдзённае сонца нехта забыў адключыць,
і мазгі на сьпякоце абсалютна не працуюць
(мае асабліва, досыць зірнуць на гэты верш).

Ратавальнікі на возеры Мічыган не працуюць,
бо й патэнцыйныя тапельцы не працуюць.
Пра сеціва ў нашай кавярні
на верхатуры чыкагскага хмарачоса
лепей і не казаць.

Нічога не працуе. Амэрыка сьвяткуе Дзень Працы.

І толькі павучок за нашым акном на ўзроўні 96 паверху,
гайдаючыся на вятры, усё пляце сваё сеціва.