September 2nd, 2012

nohi

Каб любіць Беларусь

Тацяне Вырвіч

Мы вярталіся ў Чыкага па хайвэі.
Прыгажуня за стырном палохала пасажыраў,
любуючыся заходам сонца
у люстэрку задняга агляду:

“Паглядзі, як здорава!”
Я азірнуўся й завіс,
а калі сонца зайшло за білборд,
павярнуў галаву назад і сказаў:

“А ў Беларусі заходы
яшчэ прыгажэйшыя!
Куды б ты ні ехаў,
яны заўсёды паперадзе”.

“Гэта таму, што ты, –
сказала пасажырка, –
куды б ты ні ехаў,
заўсёды едзеш на захад”.