August 30th, 2012

nohi

Без страхоўкі

Сёньня мне сказалі,
што мая мэдыцынская страхоўка –
ня надта добрая,
і я мушу быць вельмі асьцярожны.

Я паабяцаў берагчы зубы,
ня плаваць у мясцовай рэчцы,
акіяне й піве,
усялякім чынам пазьбягаць траўкі
(у нехарошым сэнсе слова),
не пераходзіць дарогу на чырвонае сьвятло
і ўвогуле акуратна абыходзіцца
з каляровымі выразамі.

Цяпер баюся зрабіць лішні рух,
без страхоўкі ня надта павыступаеш.

Сяджу на траўцы (у харошым сэнсе),
а яна тут расьце так хораша,
што вось-вось прарасьце скрозь мяне,
але я нават не абзываю яе зялёнай.

Сачу за сабой,
глыбока дыхаю,
любуюся небам
сьветла-сіняга колеру.