August 29th, 2012

nohi

Таварыства мёртвых празаікаў

Я прыехаў у Амэрыку,
каб вывучыць мову й напісаць кнігу,
але не разьлічыў сілаў.

Першы ж мой сьпіч па-ангельску
выйшаў такі сур’ёзны,
што ўсе пісьменьнікі доўга рагаталі,
а адзін нават назваў мяне mister Gogol.

Я спачатку спалохаўся,
памацаў нос і ўсё такое,
але нос і ўсё такое былі на месцы,
і я супакоіўся.

А дарэмна.

З таго моманту да мяне штоночы
прыходзяць нябожчыкі,
віншуюць з днём народзінаў
і дараць сюжэты раманаў.

Кажуць, каб я занатоўваў, бо зранку ўсё забуду.
Я не забываю занатоўваць, але зранку
ўсе нататкі аказваюцца па-ангельску –
і я нічога не разумею.

Так і пішу вершы.