August 3rd, 2012

nohi

РАМА. ЗАПЛЕЧНІК. НАМЁТ

Яшчэ малалеткам, упершыню прачытаўшы
у буквары пра маму, што мыла раму,
ён разважаў, што рама, відаць, была татава,
бо жаночы ровар, усім вядома, – бяз рамы.

Ён памыляўся, бо ў тыя гады
кожная бабця зь ягонай вуліцы ўмела
езьдзіць на ровары з рамай. Бо як безь яе?
Бо куды дзяваць хлеб, што давалі па дзьве буханкі
ў адны рукі, але бабуля была шматрукая,
і ўвесь хлеб не зьмяшчаўся на ейным багажніку
і грузіўся на раму, –
дзе ён у тыя гады
кожны вечар катаў дзяўчатак, якія таксама
не зьмяшчаліся на багажніку. І дзяўчатак
атрымоўвалася па дзьве ў адны рукі,
па якіх ён і атрымоўваў – часам балюча,
калі надта іх распускаў. І толькі адна
нечакана стрымалася, але не надоўга,
бо ўжо назаўтра яму заехала па галаве
заплечнікам – на гарышчы, куды ён яе
завабіў, паабяцаўшы, быццам пакажа,
як ставіць намёт. Але не знайшоў там намёту.
Ці трэба казаць, што намёт быў у гэтым заплечніку?

Горш ён сябе адчуваў усяго аднойчы,
у паходзе, мерзнучы цэлую ноч ля астылага вогнішча,
бо яна прагнала яго з намёта,
застаўшыся зь іншым, з гаспадаром намёта. І нават швэдра
не апрануць, бо швэдар застаўся ў заплечніку.
Ці трэба казаць, што заплечнік быў у гэтым намёце?

Не, было яшчэ горай, зь сяброўкай
ягонага сябра, зь якой ён на ровары
езьдзіў аднойчы ў грыбы. Яны заблукалі,
арыентуючыся па палётах восеньскай павуцінкі.
Грыбоў было столькі, што іх зьбіраць
ня мела ніякага сэнсу.
І тут ён першы раз памыліўся,
засьмяяўшыся, што яна без нажа, бо як так можна –
у грыбы без нажа? Бо можна пашкодзіць грыбніцу.
А яна пакрыўдзілася, бо ня дзеля ж
гэтых грыбоў пагадзілася зь ім паехаць,
паабяцала, што, калі ён зараз жа не заткнецца,
яна пашкодзіць грыбніцу яму самому.
Ён тады не паверыў і не заткнуўся.
Гэта была яго другая памылка…

З той пары ён хадзіў у вандроўкі іначай:
у таварыстве разумных і мудрых, кожны –
са сваім заплечнікам і намётам,
і, напрамілы Бог, са сваёй дзяўчынай.
Ад дажджу хаваючыся па двое,
яны мелі, пра што адно аднаму распавесьці.
А назаўтра зранку зьбіралі намёты,
што за ноч вырасталі пад дажджом, як грыбы.
Асьцярожна, каб не пашкодзіць грыбніцы.