June 28th, 2012

nohi

УРОКІ ЧЭСКАЕ

Езьдзіў у Прагу на майстар-класы.
Найлепшы дала сама чэская мова:
паэт па-чэску – básník,
пісьменьнік – spisovatel.

Адразу ж згадаў пра школу,
як ты пісаў байкі ў насьценгазэту
і думаў, што гэта паэзія.

Як у 10-м класе мог выдаць
сваё собрание сочинений
па рускай літаратуры –
і цэлы клас бы купіў.

А сёньня гучна балбочаш зь сябрам-паэтам,
што трэба часьцей сустракацца,
але, на крайняк, можна ў скайпе.
“Ну, хутка спішамся!” – кажаш на разьвітаньне.

І хтосьці сьмяецца: “Ціпун табе на язык!”
А хтосьці амаль уголас думае: “Каб жа!”