May 29th, 2012

canabis

Адзін з найгеніяльнейшых вершаў Жадана

Нешта ў перакладзе непазьбежна зьнікла, але сёе-тое ўдалося захаваць.
Спадзяюся, сёньня ўвечары пачытаем яго разам з аўтарам. )


+ + +

Яны селі за стол, накрыты на ўсіх,
паскідаўшы скуранкі і пінжакі.
Адрубілі мабілы, паклаўшы іх
на стале, між бутэлек, бліжэй да рукі.

Яны селі за стол. Іх ахова сышла.
Да аконнага шкла вечаровы туман
дакранаўся вільготным дыханьнем цяпла,
нібы пальцы жанок – да адкрытых ран.

Ён усім наліваў, хто сядзеў за сталом.
Як самому сабе, усё, што было.
І такайскія віны, ямайскі ром
адбівалі блакітнага неба сьвятло.

Наліваў і думаў: “Калі мы яшчэ
зьберамося вось так безь ніякіх спраў?
Ўсе жывыя і кроў яшчэ не цячэ.
Я іх сам знаходзіў і выбіраў.

Я іх сам крышаваў, нібы родных сваіх,
я іх вёў за сабой церазь цемру і страх,
я трымаўся за іх, я помніў пра іх
і запальваў сонца на іхных сьцягах.

Як адзін, няголеныя, але
яны сьветам кіруюць, як я іх вучыў.
Я іх ведаю ўсіх, хто пры гэтым стале
глушыць ром і мадэру, якая гарчыць.

Я натхняю кожнага словам адным,
я даю ім надзею, веру і жарсьць,
я кармлю іх, я наліваю ім.
Але хто зь іх усіх мяне здасьць?

Collapse )