April 30th, 2012

nohi

СНОБЫ НА ВЫСТАВЕ

1.
У шкляной вітрыне
парыскай эратычнай кнігарні
адлюстроўваецца доўгая чарга снобаў,
што стаяць па білеты на мастацую выставу.

І ўся чарга нешта чытае,
на фоне вялікага ню ад Амэдэа Мадыльяні.

Думаю, гаспадары кнігарні
не змаглі б лепей аформіць свае вітрыны.

Collapse )
nohi

Дыснэйлэнд: чарнавік будучай кніжкі

Сабраў сякія-такія францускія тэксты. Рабочая назва кніжкі "Дыснэйлэнд".

Тое, што ніжэй, - верш-прадмова, у якой адначасова каля трыццаці спасылак на большасьць іншых парыскіх вершыкаў - можна клікаць і пераходзіць на іх. Прыемнага прагляданьня-чытаньня. Прапановы прымаюцца. )


ПАРЫЖ-ДЫСНЭЙЛЭНД

Білеты лепш загадзя замовіць праз інтэрнэт.
Дабірацца лепш самалётам,
каб зэканоміць больш часу для забаваў і адпачынку.

Спачатку рэкамэндуецца агледзець парк
з адной ці некалькіх яго найвышэйшых кропак:
- атракцыёна “Эйфэлевая вежа”;
- атракцыёна “Вежа Монпарнас”;
- званіцы атракцыёна “Нотр-Дам” ды інш.

Для большай зручнасьці наведнікаў
усе атракцыёны зьвязаныя між сабой
5-цю лініямі дзіцячай чыгункі
і 13-цю лініямі дзіцячага мэтро,
але найбольшую радасьць прынясе вашым дзеткам
фунікулёр ля атракцыёна “Сакрэ-Кёр”.

Наведнікам з боязьзю вышыні
рэкамэндуецца альтэрнатыўная забава –
“Парыскія Катакомбы”.

Безумоўны прыярытэт дыснэйлэнду –
юныя наведнікі, якія могуць
абсалютна бясплатна і неабмежаваную колькасьць разоў
карыстацца Луўрам, Абацтвам Клюні
ды іншымі інтэлектуальнымі атракцыёнамі,
а таксама праходзіць першы ўзровень
квэсту “Сарбона”.

Увага, гэтае правіла пакуль не распаўсюджваецца
на атракцыёны “Пляс Пігаль” і “Булонскі лес”,
якія маюць узроставыя абмежаваньні:
юным наведнікам трэба памераць свой рост,
дзеля чаго ля кожнага дарослага атракцыёна
маюцца спэцыяльныя лінейкі,
званыя ў народзе “тулуз-латрэкамі”:
меншыя за прыняты стандарт да забаваў не дапускаюцца.

Для сталых наведнікаў парку
прадугледжаная сетка бясплатнага харчаваньня:
дастаткова атрымаць чырвоны жэтон
сябра клубу “Парыскі клашар”.

Шматлікія паркавыя забавы выходзяць
далёка па-за межы рэпэртуару Ўолта Дыснэя.
Так, атракцыёны-музэі населеныя шматлікімі
пэрсанажамі ўсіх міталёгіяў сьвету,
а на “Эйфэлевай вежы” ўначы
нават працуе “Пражэктар Саўрона”.

На тэрыторыі парку маецца некалькі ціраў:
для маленькіх – “Гаўрош”,
для дарослых – “Свабода вядзе на барыкады”.

(Некаторыя наведнікі, асабліва з Расіі,
блытаюць гэты атракцыён з Жаннай д’Арк,
якую можна адрозьніць па характэрным джэдайскім мячы,
а таксама са “Статуяй Свабоды” –
падарункам парыскага дыснэйлэнду амэрыканскаму.)

Collapse )