April 27th, 2012

nohi

Парыскія мадэрністы

Нарадзіліся амаль адначасова 

у Кракаве і Варшаве,

Адэсе і Лодзі,

Гомелі й Сьмілавічах.

Памерлі зусім маладыя ў Парыжы.

Або зусім старэнькія

у Тэль-Авіве ці на францускіх курортах.

Або не зусім маладыя

і не зусім старэнькія.

У Асьвенцыме.

nohi

Аб кавярнях парыскіх праўда

“Ратонда” і “Клазэры-дэ-Ліла”,
“Пракоп” і “Кафэ дэ ля Пэ” –
патаснае фуфло,
што даўно ня мае ніякага дачыненьня
да мастацтва.

Месцы, дзе сёньняшняя публіка
пераплачвае за каву тых,
каму налівалі ў крэдыт стагодзьдзе або тры таму.

Сёньняшні Хэмінгуэй сядзеў бы на даху
дзевяціпавярховай крамы “Printemps”,
у кавярні самаабслугі,
адкуль адкрываецца бясплатны вайфай
і найлепшая панарама Парыжу,
з Эйфэлевай вежай або Манмартрам
(залежыць ад выбару століка).

Хочаце доказаў?
Кава эспрэса, што наліваецца там з аўтамата,
на смак вельмі нагадвае ягоную прозу.