April 23rd, 2012

nohi

Шчыргынавая траўка

Ехаў казачнік-бай
па бульвары Распай,
да бамонду ў кавярню Ратонда:
там зь відэльца й нажа
усьміхаецца джа –
скарачэньне ад слова “Джаконда”.

Круціць з бронзы касяк
Анарэ дэ Бальзак
у плашчы ад Агюста Радэна.
Ёсьць на цэлы бульвар
эксклюзыўны тавар,
а тапельцам – бясплатная Сена.

Дастаўляе трава
з Монпарнасу ў Менск-2,
зь перасадкай у Шарля дэ Голя.
І ні да, ні пасьля:
прэзыдэнт Нікаля –
проста хлопчык па імені Коля.

І ніхто не памрэ,
бо з травой Анарэ
ўсе памерлі яшчэ да народзін…
Па бульвары Распай
едзе казачнік-бай:
“Баяць казку?” Ня хоча ніводзін.