April 20th, 2012

canabis

Паўль Цэлан

Выпісаў сабе – не паварочваецца язык сказаць “пераклаў”, бо ня ведаю нямецкай – некалькі фрагмэнтаў з Цэлана:

***
Была вясна, і дрэвы ляцелі да сваіх птушак.


***
Разьбіты гарлач да тых пор ходзіць да крыніцы, пакуль тая не перасохне.


***
Усе размовы пра справядлівасьць – марныя, пакуль апошні лінкор не разаб’ецца аб лоб якога-небудзь тапельца.


***
Ягонае каханьне да яе было такое вялікае, што лёгка магло б адсунуць вечка труны, калі б кветкі, якія яна паклала яму на труну, не былі такія цяжкія.


***
Іхныя абдымкі былі такія доўгія, што давялі да адчаю само каханьне.

***
Пахавай жа гэтую кветку – і пакладзі на яе магілу гэтага чалавека.


***
Гадзіна выскачыла з гадзіньніка, стала перад ім – і загадала не адставаць.


***
Не падманвайся: ня гэтая апошняя лямпа раптам стала даваць больш сьвятла – проста цемра навокал яе паглыбілася ў саму сябе.


***

Ён вучыў законам прыцягненьня, грувасьціў адзін доказ на другі, але вучні яго заставаліся глухія. Тады ён падняўся ў паветра і, свабодна лунаючы, працягваў вучыць іх тым жа законам – цяпер яму ўрэшце паверылі, аднак ніхто не зьдзівіўся таму, што ён так і не вярнуўся на зямлю.


З цыклу “Супрацьсьвятло” (1949)

У ноч зь 19-га на 20-га красавіка 1970 г. Паўль Цэлан “падняўся ў паветра” з аднаго з парыскіх мастоў. Мяркуюць, што з моста Мірабо – ён быў найбліжэйшы ад цэланаўскага дому.  

nohi

Сержу Гэнзбуру

Як ні ўцякалі ад лёсу твае Гінзбург-тата і Гінзбург-мама -
Піцер, Стамбул, Парыж, - рідна нэнька дагнала Гэнзбура:
за дзесяць крокаў ад дому ўкраінцы шыбуюць да храма,
за дваццаць пяць ад магілы - Сымон Пятлюра!