April 16th, 2012

nohi

Пост-Мірабо

Пад мостам Мірабо сплываюць вершы,
Парыжам
Захлынуўшыся й памершы,
І гэты не апошні і ня першы.


Каханьне – соплі, вершы – трэш.
Мост выжыве, а ты памрэш.


Пад мостам Мірабо шукаць прыгоды
Няма дурных!
Сумуюць параходы
Ля карлікавай Статуі Свабоды.

Ды ёсьць сюжэты навырост:
Хацеў паплакаць – выйдзе тост.

Пад мостам Мірабо гамон клашару,
Здаецца,
Холад зь ветрам далі жару
Усім няўдачнікам зямнога шару!

Чужынцаў выдае акцэнт.
Кавярня. Прыцемкі. Абсэнт.

Над мостам Мірабо, як прывід лесу,
Лес хмарачосаў.
Ты хацеў прагрэсу?
Глядзі ж, паэт, і не памры ад стрэсу!

Усё цячэ пад гэты мост:
Сплыў мадэрнізм, сплыве і пост.

P. S.

Твой верш не прынясе рахунка ў банку,
Ды жонка
Захацела рыфмаванку,
І з рыфмамі змагаесься да ранку

Сам-насам з мостам Мірабо.
Слабо пра мост? А не слабо.

nohi

Казкі Вэнсэнскага лесу

1. Брыдкае качаня

Жыло сабе брыдкае качаня,
добра сябе паводзіла, слухалася старэйшых
і, галоўнае, выдатна харчавалася,
бо вельмі хацела хутчэй вырасьці.

Ела яно, ела,
але так і не зрабілася прыўкрасным лебедзем,
бо аднойчы памерла,
ушчэнт закормленнае турыстамі.

“Калі вы любіце птушак, не карміце іх”, –
напісана ва ўсіх парыскіх парках.


2. Кот у ботах

На мастах паміж астравамі
аднаго з азёраў Вэнсэнскага лесу
катэгарычна забараняецца праход з сабакамі.

Шкада, што ні слова пра катоў.

Што робіць кот у ботах
даверлівых турыстаў,
якія разуваюцца, расьцягнуўшыся на газоне, –
лепш у мяне не пытайце!

3. Папялушка

Часам кот
пасьпявае нагадзіць
толькі ў адзін туфлік.


4. Дзюймовачка

Знакаміты галяндзкі батанік
аднойчы наведаў Parc Floral
і доўга-доўга вывучаў
усе чырвоныя, белыя, жоўтыя,
аранжавыя, блакітныя, фіялетавыя,
ружовыя, барвовыя, ліловыя
туліпаны, але не знайшоў у іх ніводнай дзюймовачкі.

Стаміўшыся, ён прысеў на лавачку
і разарваў упакоўку з чыпсамі,
а там – маленечкая дзяўчынка,
усьміхаецца яму і нешта шчабеча
на ягонай мове.

Істотна, што бульба, зь якой зрабілі чыпсы,
была зь яго роднай Галяндыі.

Трава таксама.