April 14th, 2012

nohi

Француская рэвалюцыя

Вершы з аптымістычным фіналам

1.

Француская рэвалюцыя –

на апошнім паверсе музэю Карнавале,

маўляў, найвышэйшая кропка

парыскай гісторыі,

што абудзіць і самых сонных наведнікаў.

Дзьве статуі – Свабода і Роўнасьць.

Грудкі Роўнасьці

прыкрытыя тканінай аднолькава.

Карціна з руінамі Бастыліі.

У наступнай залі – падрабязны макет Бастыліі.

(Рукамі не чапаць – глядзі папярэдні экспанат.)

Рэспубліканскі тэрмомэтр

у фрыгійскім каўпаку.

Афіцэрскія шаблі.

Салдацкія ружжы са штыхамі.

У трох кутах – па барабане,

у чацьвертым – музэйшчык,

якому даўно па барабане.

Шарлота Кардэ, з кінжалам.

Жан-Поль Марат, з ваннай.

Максыміліян Рабэсп’ер, з Дантонам.

Людовік XVI, з Марыяй Антуанэтай.

Марыя Антуанэта, у жалобе па мужы.

Галава Марыі Антуанэты.

Цацачная гільятына.

Можна ўжываць замест мышалоўкі.

Шмат рэвалюцыйных лёзунгаў.

Можна ўжываць замест бясплатнага сыру.

Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна.

“Людзі нараджаюцца і застаюцца

свабоднымі і роўнымі ў правах”.

Я памылкова прачытаў па-француску:

“нараджаюцца і паміраюць”.

У музэйнай крамцы – пазл з Марыяй Антуанэтай.

54 кавалкі.

Можна прыстаўляць і адстаўляць

ня толькі галаву.

Рэвалюцыйны посуд. Фаянс.

Набор талерак з дэвізам: “свабода або сьмерць!”

Смачна есьці!

2.

У садку насупраць музэю

трахаюцца два сабачкі,

гаспадары ўсё ніяк ня могуць

расьцягнуць у розныя бакі.

Нічога цікавейшага ў музэі

я ня бачыў.