April 13th, 2012

nohi

Таварыства мёртвых паэтаў

Набліжэньне могілак Пэр-Лашэз
адчуваеш па ўсё большай колькасьці
турыстычных маек з выявай Джыма Морысана.

Францускія славутасьці мусілі б зайздросьціць,
калі б яшчэ мелі такую здольнасьць.

Скажам, прыдумаў жа нехта пахаваць
паэта Жэрара дэ Нэрваля (1808-1855)
проста насупраць самага знакамітага
францускага пісьменьніка.
Толькі ўявіце: ля тваёй магілы
увесь час таўкуцца турысты,
і ўсе як адзін да цябе сьпінай.
Некаторыя нават спатыкаюцца аб цябе, фатаграфуючы.
Адзін я, дзівак, на дзесяць хвілін 
завіс каля ўлюбёнага паэта,
і толькі цяпер заўважыў Бальзака (1799-1850).

Дарэчы, скажы мне, хто твой сусед па магіле,
і я скажу, кім ты быў пры жыцьці.

Вось Поль Элюар (1895-1952) загуляўся ў камунізм,
і цяпер ляжыць побач з генсекам
камуністычнай партыі Францыі
Марысам Тарэзам (1900-1964).

А Мальер (1622-1673) ні ў што такое не гуляў,
і цяпер побач з калегам па пяры,
сумленным байкапісцам Лафантэнам (1621-1695),
ляжаць разам за агульнай агароджай,
як адна сям’я.

Мюсэ (1810-1857) і Шапэн (1810-1849)
не за агульнай агароджай,
а досыць далёка адно ад аднаго,
але ў самім афармленьні магілаў
адчуваецца адна рука.
Падазраю, жаночая (1804-1876).

На магіле Апалінэра (1880-1918) – вялікае сэрца
у выглядзе верша-каліграмы,
а на Ўайлдавай сэрцаў безьліч,
і ўсе – чырвоным маркерам
або губной памадай.

Магілу Ўайлда (1854-1900) знайсьці лёгка
па выбухах жыцьцярадаснага рогату,
дзявочага і асабліва хлапечага.
Ўайлд з усіх бакоў агароджаны шкляной сьценкай,
каб не разарвалі прыхільнікі,
якія сьпярэсьцілі ўсё шкло надпісамі і сьлядамі памады.
Заслугоўваюць увагі: “Pleasure to meet you Oscar!” – з сэрцайкам,
Oscar my favorite dandy” – з зорачкай,
і мой улюбёны: “Oscar te amamos!” – з кубінскім сьцяжком.
Найбольшы надпіс, вядома ж, па-расійску:
Любви все возрасты покорны!
Цікава, як выглядала б на Пэр-Лашэз магіла Цоя (1962-1990)?

Магіла Морысана (1943-1971)
не агароджаная шклом,
затое там увесь час дзяжурыць жывы паліцэйскі,
стаіць ля камля найбліжэйшага дрэва
і часам перашкаджае ляпіць да яго жуйкі,
але дрэва ўсё адно ў жуйках, прылепленых да іх манэтках
і іншых сьціплых дарунках.
Самы шчодры пакінуў бляшанку бэльгійскага піва,
пакойся зь мірам, Джымі!

Над магілай Мадыльяні (1884-1920) пачынаецца дождж,
а над магілай Эдыт Піяф (1915-1963) канчаецца,
і неба робіцца блакітнае.

У надмагільнай пліце
Марсэля Пруста (1871-1922)
адбіваюцца аблокі.