April 5th, 2012

nohi

АДПАВЕДНІКІ

1.

Першую палову дня
ты тупа бадзяесься па Парыжы
з лэптопам.

Заходзіш у бібліятэкі.
Сядаеш за столікі ў кавярнях.
Шукаеш халяўнага інтэрнэту.

Часам сігнал ловіцца,
але неяк няўпэўнена.
Часам у цябе пытаюцца пароль,
якога ты, зразумела, ня ведаеш.

Другую палову дня
ты яшчэ тупей бадзяесься па горадзе
з нататнікам.

Шукаеш халяўнага натхненьня.
Заходзіш у паркі,
у брамы, у храмы, у крамы.
Сядаеш за столікі ў барах.

Часам сігнал ловіцца,
але неяк няўпэўнена.
Часам у цябе пытаюць пароль,
якога ты па-ранейшаму ня ведаеш.

Для інтэрнэту хоць можна купіць 3G-мадэм.


2.

Калі ты нешта фатаграфуеш
у цэнтры Менску,
і раптам незнаёмая рука
бярэ цябе за плячо,
а суворы голас
кажа больш так не рабіць,
бо могуць і канфіскаваць камэру,
або проста пасадзіць у камэру, –

паспрабуй уявіць, што ты ў Парыжы,
на ўзгорку Манмартр,
у храме Сакрэ-Кёр,
і мясцовы цёмнаскуры бамбіза
ветліва, але настойліва
просіць схаваць фотаапарат.

Засталося, каб нашыя
беласкурыя бэстыі
навучыліся казаць табе: “Мerci!”

Ці прынамсі: “Дзякуй!”
nohi

ДОТЫК

Яна была ў майцы
з турыстычным парыскім калажыкам
на грудзях:

зьлева, дзе сэрца, –
Эйфелева вежа,
справа, насупраць вежы, –
Авэню Шанз Элізэ.

Спачатку ён дакрануўся справа.

Пад Елісейскімі палямі не было станіка.
Эйфелева вежа забілася хутчэй.