April 4th, 2012

canabis

Алег Мінкін

ЛАЎКА Ў СТАРЫМ САДЗЕ

Я знаю замшэлую лаўку ў старым закiнутым садзе,
Нябачна яе за высокай травой i густым лiсьцём,
Аднак калi хто выпадкова патрапiць у сад i сядзе
На лаўку — дык перайначыць дазваньня сваё жыцьцё.

Ня тое, каб страшнае нешта здарылася, цi штосьцi
Таемнае адбылося — проста ў нутро, спаняволь,
Халодная лiне пустэча, праб'юцца парасткi млосьцi,
А скронi сьцiсьне нязнаны нiколi дагэтуль боль.

I можна ня знаць, што прычына нязводнай хваробы — лаўка,
I можна ведаць пра тое... ды нiякi ўжо алкаголь,
Нiякае ўжо каханьне, нiякая ў сьвеце забаўка
Ня вытравяць той пустэчы, ня змогуць суняць той боль.

Боль будзе з табой паўсюдна, пустэча будзе, як п'яўка,
Высмоктваць цябе i ў пекла тваё ператворыць жыцьцё...
Я знаю ў закiнутым садзе адну замшэлую лаўку,
Нябачную за высокай травой i густым лiсьцём.
nohi

ФУТБОЛ ЛЯ МУЗЭЮ РАДЭНА

За плотам музэю гуляюць французы ў футбол.
Крычаць, аж чутно праз навушнікі аўдыёгідаў.
І з кожным ударам жыцьцё замірае наўкол,
і, нібы табло, зьзяе золатам шпіль Інвалідаў.

Турысты ў музэі наструніліся – хто каго?
Глядзяць цераз плот – і стаяць без увагі скульптуры,
самотны Бальзак і ў абдымках дзьвюх дзевак Гюго,
тытаны культуры на сьвяце фізычнай культуры.

Мысьляр знакаміты ад зайздрасьці пазелянеў,
хаваючы вочы, падпёр падбародзьдзе рукою.
“Нашто цалавацца?” – адчулі каханкі сумнеў.
Прыкрылася Ева: “Вы дзе, гледачы? Што такое?”

Старэнькі японец здымае на камэру матч.
Арабка ўздыхнула. Відаць, за Радэна заўзее.
Мысьляр ледзь пя плача. Філосаф, хоць ты патлумач,
як блякла на фоне жыцьця выглядаюць музэі!

Спорт нумар адзін і арабку схіліў на свой бок,
і дзеда-японца, і там, ля платану, путану,
што косіць пад экскурсаводку. Ці гэты радок
хоць неяк паможа Радэну ня здацца Зідану?

Удар. Гол у браму мастацтва. Жыцьцё павяло.
Татальны футбол пераможную сэрыю выдаў.
Разьбегліся хмары і сонца гарыць, як табло,
ўсьміхаючыся зь Інвалідаў. З усіх інвалідаў.