January 13th, 2012

canabis

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца: лонг-ліст

15.70 КБ

12 студзеня журы Літаратурнай прэміі Гедройца вызначыла лонг-ліст прэміі,
у які ўвайшлі кнігі 12 беларускіх празаікаў, выдадзеныя цягам 2011 году.
У сьпіс увайшлі наступныя аўтары і іх творы:

1. Уладзіслаў Ахроменка “Тэорыя змовы” (Менск: Логвінаў)
2. Альгерд Бахарэвіч “Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча” (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, сэрыя “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”)
3. Лявон Вольскі “Міларусь” (Менск: Мэдыял, сэрыя “Кнігарня Пісьменьніка”)
4. Віктар Карамазаў “Мастак і парабкі” (Менск: Мэдысонт)
5. Павал Касьцюкевіч “Зборная Беларусі па негалоўных відах спорту” (Менск: Логвінаў)
6. Артур Клінаў “Шалом: ваенны раман” (Менск: Логвінаў, сэрыя “Кнігарня “Нашай Нівы””)
7. Аляксандар Лукашук “Сьлед матылька. Освальд у Менску” (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, сэрыя “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”)
8. Ян Максімюк “Словы ў голым полі” (Менск: Логвінаў, сэрыя “Галерэя “Б”)
9. Віктар Марціновіч “Сьцюдзёны вырай” (электроннае выданьне, 34mag.net)
10. Ала Сямёнава “У сьвятой краіне выгнаньня” (Менск: Кнігазбор, сэрыя “Кнігарня пісьменьніка”)
11. Андрэй Федарэнка “Мяжа” (Менск: Літаратура і Мастацтва, сэрыя “Лімаўскі фальварак”)
12. Макс Шчур “Ліст, знойдзены на папялішчы” (Познань: Белы крумкач)


Заснавальнікі Літаратурнай прэміі Гедройца – Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-Цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Прэмія будзе прысуджаная за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) у 2011 годзе на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы, дакументальнай прозы, эсэістыкі.

На пачатку лютага 2012 году будзе абвешчаны шорт-ліст прэміі.
Ушанаваньне ляўрэата адбудзецца 3 сакавіка ў Міжнародны дзень пісьменьніка ў Менску.

Сярод узнагародаў – магчымасьць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпэндыі і запрашэньні ў эўрапейскія дамы творчасьці.

ГАЛОЎНЫ ПЕРАМОЖЦА АТРЫМАЕ ГРАШОВУЮ ЎЗНАГАРОДУ, СПОНСАР ЯКОЙ – ЗАТ “СОМБЕЛБАНК”.

Мэты прэміі:
- ушанаваць памяць Ежы Гедройца (Jerzy Gedroyc) (1906 – 2000) – публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара парыскага грамадзка-палітычнага часопісу «Kultura» на польскай мове. Ежы Гедройц нарадзіўся ў 1906 годзе ў Менску і ў сваёй культурнай дзейнасьці быў пасьлядоўным прыхільнікам добрасуседзкіх зносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай;
- паспрыяць паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры;
- папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і Польшчы;
- падтрымаць актуальных беларускіх пісьменьнікаў, паспрыяць выхаду іх творчасьці на міжнародны ўзровень.

Журы прэміі:
Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, Людміла Рублеўская, Маргарыта Аляшкевіч, Адам Паморскі, Пётр Казакевіч, Лешак Шарэпка (ганаровы старшыня журы).

Сакратарка прэміі – Марыя Мартысевіч.
Кантакты: (017)2881461 (з 9:00 да 16:00 па буднях)
e-mail:penkonkurs@gmail.com