December 24th, 2011

nohi

24 СЬНЕЖНЯ 2011 ГОДУ

Сёньня ў хату цішком
Дзед пракраўся зь мяшком,
А ў мяшку, відавочна, заначка.
Барадой – Дзед-Мароз,
Майка з надпісам “ШОС!”
Ну, заходзь, калі ты не гарачка!

Ён сказаў мне: “Шалом!”
І ўдваіх за сталом
Мы падводзілі вынікі году,
Ігнаруючы пост,
І гучаў кожны тост:
“За падманы! За страты! За шкоду!”

Я сказаў, што хлусьня
Адусюль і штодня:
“Нават сьнег падмануў і ня выпаў,
Нават мроі ды сны –
Разнавіднасьць маны.
Вось і ты… Тост сказаў, а ня выпіў!”

А дзядок у адказ
Выпіў з келіха раз,
Выпіў два – і сьмяецца, як д’яблік:
“Усё праўда, але
Ёсьць віно на стале,
Мандарыны, карыца і яблык!

Усё праўда, аднак
Будзе зорка як знак,
Што надзея ня зьнікла дашчэнту,
А сябры, як цары,
Ўжо рыхтуюць дары,
І малы будзе рады прэзэнту!

Хай пэтарды ўгары
І – “Ялінка, гары!”,
І згадаецца нам, як калісьці,
Пра калядны настрой,
Пра спаўненьне ўсіх мрой
І пра ўсіх немаўлят у калысцы.

Хай увечары двор
Пасьвятляе ад зор
І, сігаючы ў санкі з разьбегу,
Ад Раства да Раства
Лепіць сьнежкі дзятва,
Бо нарэшце нападае сьнегу!”