October 6th, 2011

canabis

Тумас Транстромэр, нобэлеўскі ляўрэат гэтага году

11.62 КБ

З ГАРЫ

Я стаю на гары й гляджу на затоку.
Лодкі ляжаць на паверхні лета.
„Мы самнамбулы. Рухаемся за месяцам”.
Так кажуць белыя ветразі.

„Мы падкрадаемся да соннага дому.
Мы стукаемся наверх, у дзьверы.
Мы схіляемся да свабоды”.
Так кажуць белыя ветразі.

Адзін раз я ўбачыў, як жаданьні плывуць пад ветразем.
Яны трымаюцца таго самага курсу – толькі быць на плаву.
„Мы цяпер разьбітыя. І нікога з намі”.
Так кажуць белыя ветразі.


ВЕЧАР – РАНАК
(зь нізкі "Восеньскія шхеры")

Мачта поўні згніла, скамечаны ветразь.
Кірля п’яная прэч над вадой памкнула.
Ўвесь абвуглены ў моста язык. Змаглося
Ў цемры кустоўе.

Прэч па сходах. Золак грукае ў браму.
Мора б’ецца ў граніт. Сонца чутно паблізу.
Богі лета ў смузе, што вісіць над морам,
Вобмацкам ходзяць.


ЭЛЕГІЯ

Я адчыняю першыя дзьверы.
Тут вялікі асьветлены сонцам пакой.
Цяжкое аўто праяжджае вуліцай,
ад яго бразгату брынкае парцаляна.

Я адчыняю дзьверы нумар два.
Сябры! Вы выпілі цемнату
і вас па-ранейшаму відаць.

Дзьверы нумар тры. Цесны гатэльны пакойчык.
Акно выходзіць на бакавую вуліцу.
Ліхтар што зіхціць на асфальце.
Цудоўная загана досьведу.

Пераклаў са швэдзкай Лявон Баршчэўскі