October 5th, 2011

canabis

Вершы Крыніцкага

На "ПрайдзіСьвеце" зьявілася падборка маіх перакладаў з Рышарда Крыніцкага, аднаго з найлепшых польскіх паэтаў, бясспрэчнага героя апошняга менскага фэстывалю "Вялікае Княства Паэзіі".

75.91 КБ
Фота Аляксандра (Таранціна) Ждановіча


ВАЗЬМІ МЯНЕ

Вазьмі мяне ў свой сон.
Няхай я ў ім застануся.
Няхай буду ў ім кружыць,
пакуль не растану

пад тваімі павекамі.


КАТЫ

“КатЫ атрымаліся ў Госпада”, –
любіць паўтараць Віслава Шымборска.
Часам дадае: “Толькі”.
Часам: “Болей за ўсё”.


ТАК

Ужо шмат дзён
хаджу туды і сюды
па туманным Кракаве
і ўсё ніяк не вярнуся
з майго ружова-пяшчанага,
з майго ружова-каменнага
Ерусаліму.

Усё яшчэ вяртаюся
пад Сьцяну Плачу.
Усё яшчэ блукаю
ў цесным лябірынце
Крыжовага Шляху,

часам
у прасьвеце над галавой
бачу месяц,

усё тую самую поўню.

Усё яшчэ блукаю
ля пачатку.

– Ці вы габрэй? –
пытаецца ў мяне стары хасід,
пэўна, маладзейшы ад мяне.

– Так, я паэт, –
хацеў бы я адказаць хоць раз,

але толькі ўсьміхаюся
і кажу яму:

Shalom, achi!


Болей вершаў на "ПрайдзіСьвеце".

Болей фота Крыніцкага ды іншых удзельнікаў фэстывалю тут і вось тут.