June 3rd, 2011

canabis

Першае "Дрэва паэзіі" з'явіцца ў Крэве

«Трэба апрацоўваць свой сад», — заклікаў калісьці французскі асветнік Франсуа Вальтэр. На жаль, сёння можна сцвярджаць: сад беларускай паэзіі парадкам занядбаны. Мэта праекту «Дрэва Паэзіі» — стварыць у нашай краіне новыя знакавыя пункты, каля якіх будзе дарэчным гаварыць пра літаратуру.



Ідэя акцыі «Дрэва Паэзіі» не новая. Яшчэ ў рамантычным ХІХ стагоддзі ў шляхецкіх парках і фальварках раслі дрэвы, прысвечаныя вялікім паэтам мінуўшчыны і сучаснасці. Так, яшчэ да нядаўна ў Шчорсах, ля сядзібы Храптовічаў, рос дуб Адама Міцкевіча, пад якім, паводле легенды, паэт стварыў сваю паэму «Гражына»…



Сябры Беларускага ПЭН-цэнтра вырашылі адрадзіць традыцыю паэтычных дрэваў Беларусі.



Дрэва Паэзіі-2011 літаратары збіраюцца прысвяціць Уладзіміру Някляеву — без перабольшання, герою апошніх месяцаў. У планах — зрабіць акцыю штогадовай, ствараючы ў Беларусі ўсё больш паэтычных дрэваў у гонар класікаў і сучаснікаў.



Адкрыццё Дрэва Паэзіі і літаратурная імпрэза з гэтай нагоды пачнецца 4 чэрвеня а 12-й гадзіне ў мястэчку Крэва на зямлі дома па адрасе: вул. Смаргонская, 61 (у кірунку выезду на Смаргонь).



У гэтым доме правёў першыя гады жыцця Уладзімір Някляеў. У доме дагэтуль жыве яго родная цётка Алена Аляксандраўна Магер, якой паэт прысвяціў адзін са сваіх нядаўніх твораў — паэму «Вялікдзень». Поле Магераў, на якім з’явіцца Дрэва Паэзіі, наўпрост прылягае да лініі фронту першай сусветнай вайны — у ваколіцах яшчэ захаваліся нямецкія фартыфікацыі.



Запрашаем далучацца да свята! Вялікая просьба да ўсіх, хто хоча далучыцца, улічваць факт, што акцыя адбудзецца на прыватнай тэрыторыі на ласкавае запрашэнне гаспадароў дома, і паводзіцца далікатна, праходзячы да месца акцыі праз падворак!



Арганізатары мерапрыемства пакідаюць за сабой права да апошняй хвіліны трымаць у сакрэце батанічныя падрабязнасці падзеі.



Пасля літаратурнай імпрэзы ў цені Дрэва Паэзіі адбудзецца пікнік-маёўка (бярыце сабойкі!)



Як даехаць да Крэва з Мінска, калі ў вас няма машыны:



Можна ехаць са ст.м. “Каменная горка” маршруткай. Замовіць месцы ў маршрутцы можна па тэлефонах (029) 3950659; (029) 3950659. Каб трапіць на месца падзеі да 12-й, варта выехаць з Мінска на пазней за 11-ю.



Дадатковая інфармацыя па тэлефонах: (029) 6404679; (029)7508870.


Да сустрэчы ў садзе беларускай паэзіі!

паводле prajdzisvet.org