February 21st, 2011

canabis

Чэслаў МІлаш. Мая верная мова

Мая верная мова,
служыў я табе,
штоночы ставячы перад табою місачкі, поўныя фарбаў,
каб мела ты коніка з поля, бярозку й гіля,
што ў памяці захаваў я.

Гэта доўжылася шмат гадоў.
Ты была мне радзімай, бо іншай радзімы не меў я.
І я думаў, што ты пасярэдніцай станеш таксама
паміж мной і людзьмі дабрыні,
хаця б іх было дваццаць ці дзесяць
або не нарадзіліся шчэ.

Прызнаюся цяпер у сумневах сваіх.
Надараюцца моманты, што мне здаецца, – жыццё змарнаваў.
Бо ты мова зняслаўленых,
неразумных, якія адзін аднаго ненавідзяць,
можа, больш нават, як чужаніцаў,
ты даказнікаў мова,
ты мова вар’ятаў, хворых
на нявіннасць сваю.

Але хто без цябе я?
Шкаляр недзе ў краі далёкім,
a success, ані страху, ані прыніжэнняў.
Так, ды хто без цябе я?
Філосаф такі, як і кожны.

Разумею, што гэта ўсё – мне навука:
асабістасці ані іскаркі не засталося.
Грахаводніку з маралітэ
Усясветны Ліслівец дыван падсцілае чырвоны,
а тым часам магічны ліхтар
карціны людскіх і боскіх пакутаў кідае на палатно.

Мая верная мова,
можа, я менавіта павінен цябе ратаваць.
Так і буду далей табе ставіць місачкі, поўныя фарбаў,
найсвятлейшых і чыстых, як толькі магчыма,
бо ў няшчасці патрэбныя нейкія лад ці краса.

Берклі, 1968