January 25th, 2011

canabis

Мілаш такі думае пра Беларусь

НАЙВЫШЭЙШЫЯ АРГУМЕНТЫ НА КАРЫСЦЬ ПАРАДКУ:
З ПРАМОВЫ НА САВЕЦЕ
СУСВЕТНАЙ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ Ў 2068 ГОДЗЕ

Заклікаючы да парадку, мы не спадзяемся на воплескі.
Іхныя воплескі нам без патрэбы. Лаяльным
Грамадзянам мы й так гарантуем бяспеку,
А ўсё, што нам трэба ўзамен, – паслухмянасць.
Аднак жа, узяўшы да ўвагі багаты досвед,
Мы выражаем надзею, што людзі ацэняць,
Як моцна абраная намі адзіна разумная лінія
Адрозніваецца ад іхных жаданняў і прапановаў.
Смела можам сказаць, што мы адны, ніхто іншы,
Вывелі іх з пустыні супярэчлівых думак,
Дзе сапраўднае ўжо не мела належнай вагі,
Бо й несапраўднае мела – роўна такую ж.
Мы ўратавалі іх з гэтай бясплоднай зямлі,
Дзе кожны бядак, сам-насам з уласным сумневам,
Медытаваў над сэнсам і бессэнсоўнасцю свету.
Ім апрыкла свабода – аголеныя жанчыны,
І хлеб ім не смакаваў, бо шмат яго мелі ў пякарнях.
Пад маскай мастацтва хавалі выбрыкі ўласнай нуды
І страх перад часам, што хутка – штодня! – сыходзіць.
Мы адны, ніхто іншы, адкрылі Закон Зацямнення,
Ведаючы, што розум, пакінуты сам сабе,
Пачынае думаць аб рэчах, для яго непасільных.
Мы адны, ніхто іншы, адкрылі Закон Паменшаных Мэтаў,
Даказаўшы ім, што галеча і крыўда – умовы шчасця.
І калі яны сёння шалеюць, лаячы забароны,
Яны ўжо баяцца, што знікнуць гэтыя забароны.
Бо дзякуючы забаронам яны сябе бачаць большымі,
Чым ёсць насамрэч, – анёламі, якім замінаюць лётаць.
Іхная праўда можа быць праўдай толькі насуперак нашай,
Ці насуперак нашай хлусні, што мы прымаем з гумарам.
Малочныя рэкі вабяць іх і палохаюць,
Яны б там знайшлі – нічога, то бок – сябе.
Вось жа, давайце скажам ясна й недвухсэнсоўна:
Мы правім жорстка, але не без іхнай згоды.
Па рассакрэчаных дадзеных, большасць з іх шэпча ў сне:
Хай блаславёныя будуць цэнзура і беднасць.

Берклі, 1968


Collapse )