January 13th, 2011

canabis

Мілаш думае пра Беларусь?

Чэслаў Мілаш, стагодзьдзе якога сёлета ўрачыста адзначаецца ў Польшчы і за межамі, напісаў гэты верш шэсьдзесят гадоў таму (калі быў яшчэ жывы Сталін, ня кажучы пра польскіх камуністычных лідэраў), але можа падацца, што - цяпер і пра нас.

Раней я ніколі асабліва не захапляўся гэтым вершам. Досыць адназначным, як на такога шматзначнага і іранічнага аўтара, як Мілаш. Досыць "крыважэрным" у канцоўцы (а так хочацца, каб меней нянавісьці, яе і так паўсюль хапае). Плюс неяк патасна-нясьціпла прапісана роля паэта. Але апошнія тыдні вельмі карцела яго перакласьці. Шаноўныя эстэты і снобы, даруйце, не стрымаўся.


ЧЭСЛАЎ МІЛАШ

ТЫ, ШТО ПАКРЫЎДЗІЦЬ ПАСЬМЕЎ…

Ты, што пакрыўдзіць пасьмеў чалавека,
Боль і пакуты зьняважыўшы сьмехам;
Блазны твае адгукаюцца брэхам,
Праўду і крыўду мяшаючы ў зьдзеку;

Маеш гурму падхалімаў, ахову,
Узнагароды, партрэты, парады;
Хтосьці табе пакланяецца, рады,
Што яшчэ дзень перажыў пасьпяхова…

Не расслабляйся! Паэт не забудзе.
Можаш забіць яго – зьявіцца новы.
Ён захавае ўсё ўчынкі і словы.

Лепш бы ты выбраў сьвітанак зімовы,
Сук і пятлю ў справядлівыя судзьдзі.


Арыгінал.

P.S. Усякі распаўсюд вітаецца, стагодзьдзе Мілаша ўсё-ткі. :)